«Гэта толькі пачатак». Галоўным героем новага кліпу Brutto стаў сын Міхалка


Гурт BRUTTO апублікаваў кліп на кампазіцыю «Годзе» з апошняга альбому «Рокі».

Галоўным героем відэа стаў Макар – сын Святланы Зелянкоўскай і Сяргея Міхалка.

«”Годзе” – гэта наш маленькі, сямейны “Уліс”, – каментуе Міхалок прэм’еру ў апісанні відэа. – Макарка з’явіўся на свет амаль адначасова з BRUTTO і некаторыя ідэі і сэнсы калектыву зʼяўляюцца для нас асабістымі, амаль сакральнымі».

Аўтар словаў песні – Янка Купала.

«Падарожнічаючы як пілігрымы па свеце, мы з Зеляй навучыліся хаваць ад старонніх хваляванне за Макара, за астатніх дзяцей, за нашую будучыню. Але ў кліпе мы пастараліся паказаць тую атмасферу, у якой мы знаходзіліся ў першыя гады станаўлення BRUTTO», – піша Міхалок.

«Цяпер галоўныя буры ззаду, і мы верым, што менавіта нашыя дзеці даюць нам моцы ісці сваім шляхам нават у самыя цёмныя часы, – заяўляе Міхалок. – Дарэчы, хоць Макар плавае з двух гадоў, мы ўсё амаль не гралі хвалявання падчас здымкаў на баркасе, бо Чорнае Мора было ў той дзень вельмі неспакойным».

Рэжысёр кліпу Дзмітрый Аўдзееў прызнаецца, што можа слухаць песню »Годзе« бясконца: «Яна настолькі шматгранная, што хацелася зняць вялікую колькасць версіяў. У нас атрымалася гэтая».

«Я вельмі рады, што мы дадалі пэўнай магіі. Спадзяюся кожны зразумее нешта важнае для сябе. Гэта фільм з адкрытым фіналам. Гэта толькі пачатак», – распавёў Аўдзееў.

Раней рэжысёр ужо зняў відэа на песні «12 обезьян», «Вечірнє сонце» і «Чайка».

ДД

Стужка навінаў