«Гэта рэйдарскі захоп з боку дзяржавы», – Бабарыка пра пераслед «Белгазпрамбанку»


Былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» і патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка назваў ператрусы і затрыманні рэйдарскім захопам. У інтэрв’ю РБК ён заявіў, што гэтыя дзеянні скіраваныя супраць яго асабіста.

Каментуючы пераслед сваіх былых калегаў і партнёраў, Бабарыка адзначыў:

«Я нават не ведаю, як гэта назваць. Гэта не проста кампанія запалохвання. Цалкам падзяляю пазіцыю з прэс-рэлізу «Газпрама» і Газпрамбанку. Гэта – рэйдарскі захоп, прычым з боку дзяржавы, які парушае не толькі ўнутранае заканадаўства, але і міжнародныя дамовы. Уся логіка таго, што адбываецца падказвае, што гэта працэс, накіраваны супраць мяне.

Ён закранае інтарэсы ўласнікаў, кліентаў, дзеецца абсалютнае бязмежжа, парушаюцца ўсе законы Беларусі па банкаўскай таямніцы ў дачыненні да людзей, якія нават не зʼяўляюцца фігурантамі гэтых спраў»

Віктар Бабарыка мяркуе, што ўлады спрабуюць «знайсці хоць нешта для таго, каб перашкодзіць правесці выбары ў Беларусі».

«Мэтай зʼяўляюся я. Але выкарыстоўваюцца метады не толькі для запалохвання мяне, але і ціск на маіх самых блізкіх сяброў, на маіх калегаў, чальцоў ініцыятыўных групаў. Гэта татальная барацьба», – дадаў ён.

Што да магчымага прызначэння Надзеі Ермаковай на пасаду старшыні праўлення «Белгазпрамбанку», Бабарыка кажа, што гэта прэрагатыва акцыянераў банку, і спачатку трэба змяніць уласнікаў.

«Калі б, напрыклад, цяпер урад Беларусі выкупіў бы банк ва ўласніка, тады гэтыя дзеянні, напэўна, былі б законнымі. Але як вынікае з прэс-рэлізу акцыянераў, у іх гэты банк ніхто не выкупляў. Значыць, любыя прызначэння ў гэтым банку могуць быць толькі з іх згоды.

Цяпер гэта раўназначна таму, каб прыйсці ў чужую кватэру і сказаць: я тут буду жыць, цяпер яна мая, таму што я сюды прыйшоў. Дзеецца поўнае беззаконне», – сцвярджае Бабарыка.

Эйсмант: Затрыманыя даюць паказанні супраць Бабарыкі

Наталля Эйсмант. Фота – скрыншот АНТ

Прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант у каментары РБК распавяла, што затрыманыя па справе «Белгазпрамбанку» даюць прызнальныя паказанні, у тым ліку супраць самога Бабарыкі.

«Што датычыць запалохванняў, пра якія заяўляецца. Магу вам сказаць дакладна, што цяперашняму прэзідэнту запалохванне і ціск як раз зусім не патрэбныя, абсалютна. Больш за тое – яно можа быць на шкоду. Аднак закон ёсць закон», – заявіла Эйсмант.

Штаб Бабарыкі падрыхтаваўся на выпадак затрымання прэтэндэнта

Віктар Бабарыка таксама распавёў, што яго штаб падрыхтаваны да розных варыянтаў развіцця падзеяў. У тым ліку і да сітуацыі, калі ўлады акажуць максімальнае супраціўленне яго кампаніі. Патэнцыйны кандыдат распавёў, што запісаў відэазвароты да сваіх прыхільнікаў у выпадку яго затрымання.

«Заявы пра тое, што захады, якія будуць рабіцца без мяне, ухваленыя і ўзгодненыя са мной, каб людзі разумелі, што гэта не рэакцыя на нечаканасць, гэта дакладнае разуменне, што гэты сцэнар пачынае рэалізоўвацца, не хвалюйцеся, мы да гэтага былі гатовыя. Мы на аддалёнцы прывыклі працаваць, вось лічыце, што, калі што, гэта будзе размова з народам на аддалёнцы. І ў нас такіх сцэнары ёсць і да 9 жніўня, і далей. Усё ёсць. Што рабіць – мы ведаем. Не гаворым пра гэта мы не таму, што баімся, а таму што пакуль гэта бессэнсоўна», – цытуе словы Віктара Бабарыкі РБК.

Hавiны
«Зразумела, што ёсць замова». Эксперты пра прызначэнне ў «Белгазпрамбанк» новай адміністрацыі
2020.06.12 19:17

Пераслед «Белгазпрамбанку»

  • 11 чэрвеня ў галаўным офісе «Белгазпрамбанку» правёў ператрус Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК, працэдура цягнулася да ночы. Таксама сілавікі прыйшлі ў тым ці іншым чынам звязаныя з банкам кампаніі «Прыват Лізінг», «Кентаўр», «Кампары».
  • 12 чэрвеня старшыня КДК Іван Церцель паведаміў аб затрыманні 15 чалавек: топ-менеджэраў «Белгазпрамбанку» з ліку кіраўнікоў першага звяна, а таксама былых працаўнікоў банку, якія цяпер працуюць у камерцыйных структурах. Распачатыя дзве крымінальныя справы: паводле арт. 235 КК (Легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры) і арт. 243 КК (Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры). Акрамя таго, у ходзе следчых мерапрыемстваў канфіскаваныя звыш 4 мільёнаў долараў і каштоўныя паперы на суму звыш 500 тысяч долараў.
  • Лукашэнка заявіў, што банк трапіў у поле зроку праваахоўных органаў у 2016 годзе, але толькі ў 2019 ім надалі звесткі з-за мяжы. Ён выказаў намер прыцягнуць да расследавання «Інтэрпол, расейцаў, амерыканцаў, еўрапейцаў». Паводле Лукашэнкі, затрыманыя «усё распавялі», самі прынеслі грошы, зліткі золата, карціны.
  • Віктар Бабарыка адрэагаваў: «Калі грошы, пра якія згадваў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, знойдзеныя ў маіх сяброў, то я афіцыйна заяўляю: гэта мае грошы».
  • Расейскія акцыянеры «Белгазпрамбанку» заявілі аб парушэнні заканадаўства Нацыянальным банкам Беларусі пры змене кіраўніцтва (прызначэнне Ермаковай), яны маюць намер «дамагацца абароны сваіх правоў і законных інтарэсаў усімі даступнымі прававымі сродкамі, а таксама прымаюць усе магчымыя меры для аховы інтарэсаў кліентаў і забеспячэння фінансавай стабільнасці банку».

Бабарыка пакінуў пост старшыні праўлення банку ў траўні і абвясціў, што збіраецца ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. На сённяшні дзень ягоная ініцыятыўная група сабрала больш за 335 тысяч подпісаў за вылучэнне Бабарыкі кандыдатам.

КА belsat.eu

Стужка навінаў