«Гэта рабскі закон». У Горадні АМАП затрымаў праціўнікаў закону пра адтэрмінаванне


Улёткі супраць закону пра адтэрмінавання.
Фота: t.me/belarus_lite

У Горадні затрымалі траіх юнакоў, якія распаўсюджвалі ўлёткі супраць Закону аб адтэрмінаванні, што мае запрацаваць 9 жніўня. Пра гэта ў каментары belsat.eu распавёў адзін з затрыманых, Арсеній Пужаль.

Як адзначыў суразмоўца, да юнакоў пад’ехала машына без нумароў, з якой выйшлі чатыры амапаўцы. Пасля да іх падышлі яшчэ два чалавекі ў цывільным. Ніхто з іх не прадставіўся. Міліцыянты забралі ўлёткі ды сказалі праехаць з імі, прыгразіўшы ўжыць гвалт, калі хлопцы адмовяцца гэта рабіць.

ВІДЭА
Ваенны эксперт распавёў, што стане з беларускім войскам пасля закону «аб адтэрміноўках»
2019.07.26 10:01

«Спытаў, за што затрымалі. Сказалі за расклейванне ўлётак. Хаця мы клеілі, дзе трэба – на стэндах інфармацыі, і кідалі ў скрыні. Нічога супрацьзаконнага», – адзначыў суразмоўца.

У РУУС юнакі правялі тры гадзіны. Тут іх дапыталі, накіравалі дакументы на разгляд і пасля адпусцілі.

Арсеній Пужаль адзначыў, што выступае супраць закону, бо збіраецца пасля навучання пайсці ў магістратуру, але цяпер яму трэба будзе спачатку пайсці ў войска.

«Гэта рабскі закон, які абсалютна парушае правы чалавека і Канстытуцыю», – заявіў ён.

Hавiны
Да 3000 беларускіх студэнтаў восенню могуць забраць у войска
2019.07.25 20:40

Нагадаем, што 9 жніўня ўступіць у моц закон аб адтэрмінаванні. Галоўнае змяненне – раней адтэрмінаванне ад службы ў войску давалася кожны раз, калі малады чалавек працягваў вучобу. Цяпер адтэрмінаванне будзе ўсяго адзін раз.

У выніку тыя, хто паступіў сёлета пасля ССНУ ў ВНУ ці пасля ВНУ ў магістратуру, адтэрмінаванне атрымаць не змогуць.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў