«Гэта прыгожа, але вельмі сумна». Сябры ўспамінаюць мастака Захара Кудзіна


Мастак Захар Кудзін на выставе «Открытый холст».
Фота: Ірына Арахоўская

Апошняе, што Захар Кудзін апублікаваў у сваім Facebook – спасылка на артыкул аб перапрацоўцы кававай гушчы ў посуд для шматразовага выкарыстання. На наступны дзень, 29 снежня, яго не стала. Сям’я мастака папрасіла нашу рэдакцыю не публікаваць інфармацыю пра абставіны смерці Захара.

Захар Кудзін пайшоў з жыцця ва ўзросце Ісуса. Яму было ўсяго толькі 33. Усе, хто яго ведаў, да гэтага часу не вераць, што яго больш няма. Сябры Захара падзяліліся з Belsat.eu, сваімі ўспамінамі пра яго.

Адам Глобус, пісьменнік і мастак:

На гэтым здымку Захар са сваімі сябрамі – Іванам і Ядвігай. Усмешлівы, вясёлы і шчаслівы. Хай ён такім і памятаецца ўсім нам, усім тым, хто яго любіў і паважаў.
Мастак Іван Сямілетаў, Захар Кудзін, фатограф Ядвіга Адамчык.
Фота: Адам Глобус

Яўгенія Манцэвіч, галоўны рэдактар DownShifter.by:

Захар быў унікальным. І вельмі таленавітым мастаком, які ведаў сабе цану. І я ў яго верыла. Не толькі таму, што бачыла яго талент, а таму, што бачыла, наколькі любіць і падтрымлівае яго сям’я. Яго як мастака і вельмі тонкага чалавека прыгнятала беларуская дзяржаўная сістэма, але ён змагаўся з ёй, як мог, і настырна ствараў. Без перадышкі, без жалю да сябе.

Сяргей Шабохін, мастак:

Максім Швед, рэжысёр:

Захар Кудзін натхняўся каляровымі геаметрычнамі фігурамі на менскіх будынках, якія пакідаюць пасля замалёўвання графіці ды надпісаў на дамах працаўнікі ЖЭСаў. Кудзін пераносіў вынікі іх працы на палатно. Творчы дыялог мастака з камунальнікамі стаў сюжэтам фільму «Чыстае мастацтва» Максіма Шведа, які выйшаў у пракат у лістападзе.
Фота: Кацярына Маркавец

Месяц таму мы з Захарам былі на паказе нашага фільма і пасля вырашылі зайсці ў краму за півам. Прадавачка ў чарзе пазірала на яго неяк дзіўна і мы з сябрамі жартавалі, што, маўляў, напэўна пазнала мастака і героя фільма, зараз аўтограф папросіць. А касірка папрасіла ў Захара пашпарт, не хацела прадаваць піва непаўналетняму. У 33 гады! Захар назаўжды застанецца маладым. Гэта прыгожа, але вельмі сумна.

Захар Кудзін падчас здымкаў дакументальнага фільма «Чыстае мастацтва». Менскі фестываль «Vulica Brasil», 2017 год.
Фота: Кацярына Маркавец

Кацярына Маркавец, рэжысёр дакументальных праектаў:

Я вучылася разам з Захарам у мастацкай школе. Я ставілася да яго трохі з асцярогай, адразу было бачна і зразумела – геній. У яго заўсёды было сваё бачанне, ён ведаў, якім пэндзлем пісаць, якія мазкі наносіць, тварыў заўсёды рашуча і вельмі смела. Апантана. З дзяцінства ён быў для мяне Куртам Кабэйнам. Такім Куртам Кабэйнам, які жыве са мной у адзін час, тут і зараз…

Памятаю, як сустрэла Захара на фестывалі Sprava мінулым летам. З пусткі да мяне накіроўвалася фігура зморанага вандроўніка-мастака. Толькі па голасе змагла пазнаць Захара, увесь перамазаны ў гліне… твар, шыя. Ён, здавалася, зліўся з ландшафтам.

– Захар, што здарылася?

– Я тут скульптуру раблю ўжо другі дзень з дрэва і гліны! Прыгожа?

– Ээээээ…

Прыглядаюся, не бачу скульптуры, бачу шмат гліны і дрэва, і нейкую неверагодную магію ў гэтым усім. Пакуль я была зачараваныя і спрабавала разгадаць таемныя сэнсы, Захар паспеў адабраць мой кактэйль і выпіць да дна. А потым зайшоўся гучным дзіцячым смехам.

Хачу запомніць цябе такім: апантаным, дзёрзкім, які ўмее браць ад жыцця ўсё… Ты жыў ярка, прыгожа, вольна, і мне вельмі складана перажыць твой сыход. Але Курт Кабэйн жывы, як ты, Захар, у памяці людзей, якія цябе любілі і любяць да гэтага часу. Светлая памяць…

Захар Кудзін разам з жонкай Таццянай у сваёй менскай майстэрні.
Фота: kalektar.org

Ядвіга Адамчык, фатограф:

Захар быў выдатным сябрам, заўсёды ўмеў радавацца за іншых і вельмі высока цаніў падтрымку ў цяжкую хвіліну. Гэта ў нас было агульнае. Апошнім часам мы рэдка размаўлялі, часцей за ўсё я тэлефанавала паміж паездкамі павіншаваць Захара з чарговым праектам. Апошні раз мы бачыліся каля двух тыдняў таму, мімаходам у бары «Свабоды 4», пажадаўшы адзін аднаму добра адзначыць святы… Гэта незаменная страта не толькі для ўсіх, хто ведаў Захара, але і для беларускага мастацтва ў цэлым.

Хто такі Захар Кудзін?

Праца Захара Кудзіна на выставе «Открытый холст». Менск, 2017 год. Мастак прызнаваўся, што на яго паўплывала амерыканскае сучаснае мастацтва, асабліва абстрактны экспрэсіянізм. Два гады ён нелегальна жыў у Нью-Ёрку, вандраваў аўтаспынам па Злучаных Штатах ды наведваў галерэі.Он путешествовал автостопом по США и ходил по местным галереям.
Фота: Ірына Арахоўская

Захар Кудзін нарадзіўся ў 1986 годзе. У 2007 годзе скончыў Менскі дзяржаўны каледж мастацтваў імя А.К. Глебава. Жыў і працаваў у Менску.

Карціна Захара Кудзіна «Kurt Cobain», 2011 год.
Фота: artcenter.by

Шэсць гадоў таму праз глаўкому Кудзін пачаў бачыць навакольны свет скажона: аб’екты і людзі знікалі, трансфармаваліся, мігцелі, змяняючы колер. Гэткае ўспрыманне рэчаіснасці ён прадставіў у сваёй серыі «Жывапіс левым вокам». Карціна «Subway» з гэтага цыклу прадаецца на artcenter.by за Br 40 432.

Карціна Захара Кудзіна «Subway», 2016 год.
Фота: artcenter.by

Пазалетась Кудзін звяртаўся да менскіх уладаў з прапановаю ўсталяваць на вуліцах ягоныя абстракцыйныя скульптурныя кампазіцыі.

ЮВ/ІР belsat.eu

Стужка навінаў