Найбуйнейшая карпаратыўная мастацкая калекцыя ў Беларусі, сабраная «Белгазпрамбанкам», знаходзіцца пад арыштам, убачыць яе цяпер можна толькі ў інтэрнэце. Узгадаем, як, калі і навошта яна стваралася і паразважаем з экспертамі пра яе значэнне для мастацтва і культуры нашай краіны.
Сёння пабачыць калекцыю можна толькі на сайце праекту «Арт-Беларусь». Карціны, якія экспанаваліся на выставе ў Палацы мастацтваў, 13 чэрвеня былі знятыя як рэчавыя доказы, далучаныя да матэрыялаў крымінальных справаў супраць «Белгазпрамбанку» і замкнутыя ў сховішчы.
Калекцыя на сённяшні дзень налічвае 150 твораў сусветна вядомых беларускіх мастакоў, а таксама скульптуры, старадрукаваныя кнігі. Самыя раннія артэфакты сягаюць у XVI стагоддзе.
Калекцыя пачала фармавацца ў 2011 – 2012 гадах. Тады банкам быў набыты шэраг прац мастакоў Парыжскай школы – выхадцаў з Беларусі. Пазней калекцыя была прызнаная буйнейшым зборам працаў экспрэсіяністаў Парыжскай школы не толькі ў Беларусі, але і ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе.
Як распавядаў Віктар Бабарыка, у тыя часы кіраўнік «Белгазпрамбанку», а зараз арыштаваны патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты, у зараджэнні калекцыі дапамог Уладзімір Шчасны, які быў тады старшынёй Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЭСКА. Ён паспрыяў знаёмству з дачкой мастака Парыжскай школы, якая сама збірала іх творы ў сваёй майстэрні. Так былі набытыя карціны Шрагі Царфіна, Пінхуса Крэменя, Міхаіла Кікоіна, Восіпа Любіча.
«Менавіта ў гэтай майстэрні мы купілі ядро калекцыі. А потым пачалі працаваць з аўкцыённымі дамамі, з прыватнымі калекцыянерамі», – распавядаў былы старшыня праўлення «Белгазпрамбанку», а цяпер – прэтэндэнт у кандыдаты на прэзідэнцтва Віктар Бабарыка ў інтэрв’ю «Камсамольскай праўдзе».
Акрамя Парыжскай школы, у калекцыі «Белгазпрамбанку» – унікальныя зборы старадрукаваных выданняў, жывапісу XIX стагоддзя, беларускіх мастакоў замежжа. Разынка збору – унікальная галерэя жаночага партрэту.
35 твораў з калекцыі маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. Сярод самых каштоўных артэфактаў – «Малая падарожная кніжка» Францыска Скарыны, выдадзеная каля 1522 года ў Вільні. Яна лічыцца першай друкаванай кнігай у Вялікім Княстве Літоўскім. У калекцыі захоўваецца «Жэзл праўлення» Сімяона Полацкага 1667 года выдання.
Хаім Суцін (1893 – 1943) – славуты мастак-экспрэсіяніст, нарадзіўся ў Смілавічах. Пачынаў вучыцца жывапісу ў Менску, працягнуў навучанне ў Вільні. З 1913 года і да смерці жыў у Парыжы. Быў блізкім сябрам Марка Шагала. Да 2012 года ў Беларусі не было ніводнага твору Суціна.
Карціна «Вялікія лугі ў Шартры» (напісаная каля 1934 года) была набытая «Белгазпрамбанкам» 8 лютага 2012 года на аўкцыёне Christie’s у Лондане. Каштавала яна $ 400 тысяч. Тады ж за $ 650 тысяч купілі працу Шагала «Закаханыя» (1981 год). Да гэтага набытку Шагал быў прадстаўлены на радзіме толькі некалькімі літаграфіямі ў Віцебску.
«Я лічу, што гэта трагедыя Беларусі, што ніводнай працы гэтых мастакоў, якія складаюць славу мастацкай цывілізацыі чалавецтва, не было ў нашай краіне», – тлумачыў прычыну стварэння калекцыі Віктар Бабарыка.
Вяртаць Шагала і Суціна на радзіму «Белгазпрамбанк» працягнуў у 2013 годзе – на нью-ёркскім аўкцыёне «Sotheby’s» былі набытыя чатыры каштоўныя лоты.
Сярод іх – праца Шагала «Лунацік» 1911-12 гг., выкананая гуашшу і алоўкам на паперы. У той час малады Шагал жыў у легендарным парыжскім «Вуллі». Карціна каштавала $ 341 тысячу. Іншыя дзве працы Шагала – «Гадзіннік на палаючым небе» і «Зялёны пейзаж»– пазнейшыя, створаныя напрыканцы 40-х гадоў у Францыі. У гэты час наш суайчыннік ужо меў сусветнае прызнанне. «Гадзіннік» абышоўся ў $ 605 тысяч, «Зялёны пейзаж» – у $ 137 тысяч.
Чацвёртым набыткам стала знакамітая праца Хаіма Суціна «Ева», напісаная ў 1928 годзе – залаты перыяд творчасці мастака. «Белгазпрамбанк» перамог у таргах за «Еву» з сумай $ 1,8 млн. У 2018 годзе палатно Суціна «Заснулая з кнігай. Мадлен Кастэн» за 359 тысяч фунтаў стэрлінгаў набылі на аўкцыёне MacDougall’s у Вялікай Брытаніі. На гэтым партрэце – блізкая сяброўка Суціна, калекцыянерка Мадлен Кастэн (1894 – 1992). Гэта адзін з самых выразных суцінскіх партрэтаў, паводле ацэнак мастацтвазнаўцаў, ён быў напісаны ў другой палове 1930-х гадоў.
Ёсць у калекцыі і бронзавы бюст «Партрэт Хаіма Суціна» аўтарства Леона Інденбаума. У 2019 годзе каля галоўнага офісу «Белгазпрамбанка» ў Менску была ўсталяваная скульптура Восіпа Цадкіна «Насіцель дароў», набытая на аўкцыёне Christie’s за $ 341 тысячу.
У 2013 годзе ў прыватнага расейскага калекцыянера, які пажадаў застацца ананімным, а таксама не агучваць суму здзелкі, была набытая карціна мастака Валенція Ваньковіча (1800-1842) «Партрэт паэта Тамаша Зана». Яна стала адзінай арыгінальнай працай мастака, вернутай на радзіму. Больш за тое, на сённяшні дзень гэта адзіны вядомы жывапісны партрэт Тамаша Зана. Большасць сваіх твораў Ваньковіч напісаў у Беларусі, а потым яны ўсе былі вывезеныя за мяжу. Ваньковіч найбольш вядомы сваім партрэтам «Міцкевіч на скале Аю-Даг».
У 2017 годзе з аўкцыёну Christie’s прывезлі працу Восіпа Цадкіна «Трое аголеных за сталом», з аўкцыёну Artcurial – партрэт Міхаіла Кікоіна «Жанчына ў чырвонай камізэльцы». А партрэт Якава Балглея «Дзяўчынка з чырвоным бантам» трапіў у калекцыю дзякуючы супрацоўніцтву з прыватным французскім калекцыянерам.
Якаў Балглей – мастак Парыжскай школы, нарадзіўся ў 1891 годзе ў Берасці ў сям’і равіна. Акрамя калекцыі «Белгазпрамбанку», працы берасцейскага мастака ёсць у Музеі гісторыі гораду Берасце і ў прыватных зборах Беларусі.
У калекцыі захоўваецца мапа Вялікага Княства Літоўскага, створаная ў XVII стагоддзі Тамашам Макоўскім – гравёрам, картографам, мастаком, які працаваў пры двары Радзівілаў. Ён быў стваральнікам мастацкіх майстэрняў па афармленні кніг, складанні і гравіроўцы мапаў у Нясвіжы. Ягоная мапа ВКЛ вельмі дэталёва прапісаная і дэкараваная, да таго ж, у ёй апісаныя звычаі і абрады жыхароў княства. Копіі гэтай мапы ўключаліся ў атласы і захоўваліся пры каралеўскіх дварах па ўсёй Еўропе.
Дзейнасць «Белгазпрамбанка» неаднаразова адзначалася дзяржавай. Сем разоў банк атрымліваў ганаровы дыплом «Мецэнат культуры Беларусі».
Беларуская грамадскасць занепакоена лёсам калекцыі «Белгазпрамбанка». Гэтак напісала на сваёй старонцы ў Facebook старшыня беларускага камітэту міжнароднага савету музеяў ICOM Таццяна Бембель.
«Варта памятаць, што гэтыя творы мастацтва з’яўляюцца не толькі карпаратыўнай калекцыяй, але і часткай культурнай спадчыны. Гэта не проста маёмасць, на якую можа быць накладзены арышт з мэтай наступнай канфіскацыі. Гэтыя карціны, скульптуры, графічныя лісты перажывуць усіх нас», – кажа спадарыня Таццяна.
Мікіта Моніч, навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музею Беларусі сумняецца, што ў палітычных гульнях можна рабіць разменнай манетай спадчыну, «якой у нас не так ужо і шмат».
«Мы маем найбольш яскравы прыклад таго, як нашую страчаную спадчыну вярталі, самааддана, укладаючы шмат грошай, рабілі ўсё, каб як мага больш беларусаў змаглі гэтыя творы пабачыць, зразумець, што з нашай краіны пайшлі мастакі сусветнага ўзроўню, – кажа спадар Моніч. – А цяпер спадчыну выкарыстоўваюць у палітычных мэтах. Гэтая калекцыя нам патрэбная, каб была планка для сучасных маладых мастакоў, каб яны маглі арыентавацца на таго ж Бакста – сусветна вядомую зорку. Таму трэба зрабіць усё, каб беларусы маглі яе бачыць далей».
Дызайнер і мастак Уладзімір Цэслер лічыць калекцыю «подзвігам Віктара Бабырыкі».
«Гледзячы на тое, колькі сродкаў і сілаў укладалася ў вяртанне гэтых прац у Беларусь, і маштаб імёнаў, інакш як подзвігам праект не назавеш, – кажа дызайнер. – Сумна назіраць за тым, што адбываецца. І ведаеце што – я раней быў упэўнены, што ў Лукашэнкі няма густу. А цяпер, калі ён такую ўвагу звярнуў на гэтыя карціны, думаю, мо ўсё ж густ у яго ёсць?».
НА Belsat.eu