Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 студзеня сустрэўся з генеральным дырэктарам дзяржаўнай карпарацыі «Роскосмос» Дзмітрыем Рагозіным.
Як паведамілі ў прэс-службе беларускага кіраўніка, бакі абмеркавалі рэалізацыю сумесных праектаў у касмічнай сферы.
«Дарагая рэч, але развіццё космасу – адзін з прыярытэтаў у нас, таму што гэта высокія тэхналогіі», – сказаў Лукашэнка.
Паводле яго, у Беларусі імкнуцца развіваць сферу высокіх тэхналогіяў па ўсіх напрамках, бо «Беларусь заўсёды зарабляла за кошт мазгоў і рук людзей, іх кампетэнцыяў, кваліфікацыі».
«Космас – гэта лакмусавая паперка для таго, каб ацаніць магчымасці і здольнасці той ці іншай дзяржавы, народу», – дадаў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка заявіў, што гатовы абмеркаваць любыя прапановы расейскіх партнёраў.
Падчас сустрэчы Рагозін уручыў кіраўніку Беларусі пальчатку касманаўта, які нядаўна быў у космасе. Але імя ды прозвішча не назваў, «каб іншыя не раўнавалі».
«Гэта ў мяне першы такі легендарны падарунак», – падзякаваў Лукашэнка.
Адзначым, што 16 студзеня прэзідэнт Латвіі Крыш’яніс Карыньш падарыў Лукашэнку хакейны швэдар латвійскай зборнай з першым нумарам і прозвішчам кіраўніка Беларусі.
МГ belsat.eu