«Гэта пагроза не для Лукашэнкі, а для ўсёй краіны». Навошта расейскія СМІ атакуюць Беларусь


[vc_row][vc_column][vc_column_text]Расейскія дзяржаўныя медыі працягваюць атаку на Беларусь, а Беларусь – маўчыць.

Яшчэ нядаўна прыкметы русафобіі ў нашай краіне заўважаліся толькі адыёзнымі медыямі, кшталту «Regnum». Але на мінулым тыдні расейскі «Первый канал» зацікавіўся альтэрнатыўным бачаннем беларускае гісторыі: маўляў, і ўва Украіне ўсё пачалося з адрознага ад Расеі гістарычнага бачання.

Гэта быў трывожны сігнал, на які нельга было не звярнуць увагі, мяркуюць адмыслоўцы.

«Ігнараваць тыя сігналы, якія ідуць з Масквы, асабліва з расейскіх дзяржаўных медыяў, – безумоўна, нельга. Гэта паказнік таго, у якім кірунку разгортваецца і рэалізуецца расейская палітыка ў дачыненні Беларусі», – кажа палітолаг Павел Усаў.

І сапраўды, пасля гэтага ток-шоу цэлы шэраг расейскіх дзяржаўных СМІ разрадзіўся ці не дзясяткамі артыкулаў. Беларусь падпісвае пагадненні з Еўразвязам, павялічвае супрацу з НАТО, перашкаджае расейскаму гандлю энерганосьбітамі, уводзіць, «бандэраўскія забароны» – гэтак выглядае медыйная карціна, якую цягам тыдня малююць афіцыйныя рупары крамлёўскай пазіцыі: агенцтвы «РИА Новости» ды ТАСС, канал Міністэрства абароны «Звезда» ды іншыя.

«Параўнанне беларусаў з украінцамі і тое, што, маўляў, украінцы не дапільнавалі, і таму ўспыхнула вайна – гэтыя рэчы праводзяць наўпроставую паралель, і гэта можа быць адным з першых актаў рыхтавання грамадскае думкі, што Беларусь, маўляў, перастала быць сябрам Расеі», – лічыць палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі.

Увасабленне крамлёўскіх медыяў – зорка расейскага тэлеканалу «Россия 1» Уладзімір Салаўёў – завітаў з трохгадзінным творчым вечарам у Менск акурат у разгар гэтай інфармацыйнай хвалі. Каля Палацу рэспублікі яго сустрэлі з пратэстам некалькі дзясяткаў актывістаў з «Маладога фронту» у шчыльным коле людзей у цывільным і напалову пустая зала ўнутры. Пасля Салаўёў скардзіўся, што ягоны выступ ледзь не адмянілі, у Менску за ім нібыта сачылі.

«Менск мяне любіць, беларусы мяне любяць і я іх люблю. А вось агідныя прадажныя нацысцкія пачвары ды грантаеды журналістыкі – ганьба габрэйства – граюць сваю ролю!», – казаў Салаўёў пасля вяртання ў Маскву.

Дзве мэты Расеі

Сітуацыя нагадвае 2010-ты год, калі выйшла серыя дакументальных фільмаў «Хросны бацька», што мелася скампраметаваць Лукашэнку. Тады Менск, як і сёння, стаў на курс выпраўлення дачыненняў з Захадам, а на лініі Менск–Масква таксама адчувалася напружанне.

Розніца, на думку экспертаў, у тым, што пасланне шасцігадовае даўніны было скіраванае беларусам, а цяпер жа – расейскаму грамадству.

«Дзве мэты: перш за ўсё прыгатаваць, паказаць расейскаму грамадству, што ў Беларусі існуюць дэканструктыўныя сілы, якія намагаюцца развярнуць Беларусь у іншы бок і што неабходна змяніць палітыку Крамля ў дачыненні Беларусі. Безумоўна – гэта зусім іншы сігнал, пагроза зусім іншага ўзроўню – ня толькі для Лукашэнкі, але для ўсёй Беларусі», – кажа Усаў.

Ні афіцыйны Менск ці, прынамсі, беларускія дзяржаўныя медыі, ніяк не адрэагавалі на гэтыя матэрыялы. Адмыслоўцы падкрэсліваюць, што відавочнае жаданне Менску не ісці на канфлікт з Масквой.

«Улады нічога не робяць, яны забараняюць, абмяжоўваюць працу заходніх медыяў – таго ж самага «Белсату», але нічога не робяць дзеля таго, каб абмежаваць уплыў інфармацыйнага поля расейскіх медыяў», – заяўляе Павел Усаў.

Мэта серыі фільмаў «Хросны бацька» была дасягнутая – лагодная лібералізацыя скончылася брутальным разгонам паслявыбарчых пратэстаў.

«Калі казаць пра сітуацыю з вайной з Грузіяй і Украінай – тады артпадрыхтоўка была значна раней за падзеі, на якія нібыта рэагавала Масква – гэта адзін бок. А другі бок – можа быць сапраўды, калі ў гэтую канкрэтную хвіліну ўзнікла патрэба паказытаць нервы беларускаму кіраўніцтву», – кажа Быкоўскі.

Пры аптымістычным для нас сцэнары, антыбеларуская медыйная кампанія – спроба прымусіць пагадзіцца нашую краіну на расейскі варыянт сканчэння бясконцае газавае спрэчкі, якой не развязалі нават двухбаковыя перамовы кіраўнікоў краінаў. Пры песімістычным – гэта рыхтаванне глебы да захопу Беларусі перад расейскімі прэзідэнцкімі выбарамі ў 2018-ым годзе. Тады Пуціну можа быць патрэбная танная і відовішчная перамога.

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu

Як мова можа ўзмацніць суверэнітэт? Якая мэта расейскіх дзяржаўных медыяў? Беларуская адукацыя ў Польшчы і польская ў Беларусі – у чым розніца? Эрдаган дае і забірае свае словы. Самае важнае на планеце за тыдзень – у выданні «ПраСвету».

Стужка навінаў