«Гэта непасільная сума». Грэка-каталікі адмянілі пілігрымку, бо не могуць заплаціць міліцыі


Традыцыйная грэка-каталіцкая пілігрымка Віцебск – Полацк сёлета не адбудзецца. Прычына гэтага ў новым заканадаўстве пра масавыя мерапрыемствы, якое прымушае аплачваць паслугі міліцыі пры правядзенні масавых акцый.

Як адзначыў у каментары belsat.eu настаяцель віцебскай грэка-каталіцкай парафіі Зміцер Грышан, дазвол уладаў на акцыю, якая планавалася 9-13 ліпеня, быў атрыманы, але вернікі «не прыйшлі да кансэнсусу з міліцыяй наконт аплаты» – каля 3000 рублёў.

Hавiны
Каталікі не хочуць плаціць за дазвол на пілігрымку. Хто яшчэ адмаўляецца ад масавых акцыяў?
2019.04.27 15:44

«Для нас гэта непасільная сума. Я пісаў дакумент з просьбай не заключаць дамову, каб яны нас не ахоўвалі. Яны нам адказалі, што не могуць нас не ахоўваць. Гэта будзе супярэчыць заканадаўству. І задарма яны таксама не маюць магчымасці заключыць дамову», – распавёў святар.

Паводле яго, для вырашэння праблемы з аблвыканкамам ужо не заставалася часу.

«Я падаваў заяўку ў стандартныя тэрміны. Калі прачытаў адказ з інфармацыяй пра неабходнасць заключэння дамовы, я пачаў дзейнічаць. Але заставалася ўжо менш за два тыдні, каб нас уключыць у нейкі план аблвыканкаму. Толькі тады з гэтай аплаты нас звальняюць», – адзначыў айцец Зміцер.

Менавіта так, паводле яго, праходзяць пілігрымкі да Будслава, якія пазбаўленыя неабходнасці аплаты паслугаў міліцыі.

Аб’ектыў
Не спыняюць ні дажджы, ні вецер, ні нават войны: рэпартаж з Будслаўскай пілігрымкі
2019.07.06 19:32

«Ну а паколькі мы не патрапілі ў гэты план, не ведалі пра гэта загадзя, адзінае разумнае рашэнне было адмовіцца ад правядзення, як яны называюць, масавага мерапрыемства. Бо любая форма правядзення ці нават не правядзення, калі б мы проста не пайшлі, але не адклікалі заяву афіцыйна, гэта б усё роўна разглядалася як правапарушэнне», – падкрэсліў святар.

Гэта мусіла быць 25-я, юбілейная пілігрымка Віцебск-Полацк. Але раней такіх праблемаў не ўзнікала, бо з 2019 года пачала дзейнічаць пастанова Саўміну № 49 пра аплату паслугаў міліцыі.

Тым не менш, ад планаў ушанаваць памяць уніяцкіх святароў з Полацку, якія 11 ліпеня 1705 года былі забітыя расейскімі войскамі, грэка-каталікі не адмаўляюцца.

«Апрача пілігрымкі, усё застаецца ў моцы. На гэтым мы не мусім нават атрымліваць дазволу, бо гэта ўсё знаходзіцца на нашай парафіяльнай тэрыторыі», – адзначыў Зміцер Грышан.

Гэтак, полацкая парафія сумесна з музеем-запаведнікам Сафіі Полацкай 13 ліпеня правядзе супольны канцэрт з удзелам прафесійнага хору і арганнай музыкі. Пачатак а 16:00. У полацкай грэка-каталіцкай царкве святкаванні пачнуцца а 10:30.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў