«Гэта не блеф» – кіраўнік краіны распавёў пра альтэрнатыўныя пастаўкі нафты


Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Шклова распавёў пра альтэрнатыўныя пастаўкі нафты ў Беларусь, акрамя закупак у Расеі, паведамляе БелТА.

«Вы ж бачыце, што кожны год перад Новым годам нам даводзіцца стаяць на каленях і вымольваць гэтыя нафтапрадукты», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік краіны распавёў, што Беларусь мае намер набываць нафту праз парты на Балтыцы. Акрамя таго, паводле Лукашэнкі, імпартаваць нафту Беларусь можа і праз нафтаправод «Дружба», які прыйдзецца запусціць у рэверсным рэжыме.

«Я Пуціну прама сказаў: на першым этапе, калі мы з палякамі дамовімся, будзем рэверсам пастаўляць па адной з трох труб», – сказаў Лукашэнка.

«Гомельтранснафта Дружба». Фота VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Трэці кірунак, паводле кіраўніка краіны – пастаўкі праз Украіну з Чорнага мора.

«Гэта не блеф, гэта не тое, што, як яны там кажуць, Лукашэнка стаўкі падымае перад перамовамі. Ніякіх ставак. Мы проста глядзім, што мы будзем мець, колькі мы будзем пры гэтым губляць », – падкрэсліў беларускі кіраўнік.

Аляксандр Лукашэнка таксама распавёў, што Беларусь вядзе перамовы з усімі прадаўцамі нафты на свеце.

«З амерыканцамі, Саудаўскай Аравіяй, Эміратамі. Бліскучыя ў мяне з імі адносіны. Кажуць, колькі трэба, столькі нафты паставім. Вядома, гэта сусветныя. Але якасць нафты там лепшая», – сказаў Лукашэнка.

СК belsat.eu

Стужка навінаў