Гэта нашыя замежнікі. Польшча пакінула іншаземцаў з пратэрмінаваным часам побыту


Пашпарт грамадзяніна Беларусі, карта побыту і карта жыхара Варшавы.
Фота: «Белсат»

Belsat.eu высветліў, як доўга і на якіх умовах у Польшчы могуць заставацца замежнікі, якім эпідэмія замінае легалізаваць перабыванне ці падоўжыць візу.

Эпідэмія каронавірусу – гэта тое, што нельга было прадбачыць, а таму і падрыхтавацца… раней падаць дакументы на працяг «карты побыту» ці на выраб чарговай візы. Польшча часова змяніла правілы прыбывання замежнікаў на сваёй тэрыторыі. Гэта датычыць 628 тыс асобаў, зарэгістраваных у падатковай. І яшчэ некалькіх соцень тысяч асобаў, якія не маюць у Польшчы афіцыйнай працы ці рэгістрацыі ў якасці беспрацоўных. Афіцыйная лічба беларусаў з відам на жыхарства – 25,6 тыс. Яшчэ 35 тысячаў – маюць або карту паляка, або візу – працоўную ці Шэнген.

18 красавіка ўлады Польшчы ўхвалілі змены ў заканадаўстве, якія даюць магчымасць замежнікам легальна знаходзяцца ў краіне на падставе шэнгенскіх віз або ў межах бязвізавага руху, даўжэй, чым дазваляюць ім дакументы. Правілы датычаць асобаў, якія хочуць ажыццявіць заяўленую ў візе мэту побыту (напрыклад, турызм, які не магчымы ў часе эпідэміі) або не могуць пакінуць Польшчу ў сувязі з распаўсюдам віруса SARS-CoV-2.

Цяпер дзяржустановы краіны зачыненыя для наведнікаў. Дакументы можна даслаць поштаю ці падаць іх у 30-дзённы тэрмін пасля адмены супрацьэпідэміялагічных захадаў. Гэта датычыць:

  • легальнага знаходжання іншаземцаў, калі яго тэрмін мінае ў перыяд эпідэміялагічнай пагрозы або эпідэміі,
  • тэрмінаў дзеяння карт побыту і часовых пасведчанняў асобы замежніка,
  • падачы дакументаў на легалізацыю знаходжання,
  • дзеяння выдадзеных раней дазволаў на працу, дазволаў на сезонную працу, а таксама заяваў працадаўцаў аб прыёме замежніка на працу.

Працяг легальнага прыбывання

Польшча дасць замежнікам 30 дзён пасля эпідэміі на працяг тэрміну прыбывання. Фота «Белсат»

Застацца на чарговы тэрмін можа замежнік, які знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы на падставе:

  • дазволу на часовае пражыванне,
  • польскай нацыянальнай візы,
  • Шэнгенскай візы або ў межах бязвізавага руху.

Такая магчымасць ёсць, калі апошні дзень легальнага знаходжання замежніка прыпаў на першы дзень ці наступныя дні эпідэміялагічнай пагрозы або эпідэміі. Гэта перыяд з 14 сакавіка 2020 года, калі ў Польшчы пачаў дзеяць стан эпідэмічнай пагрозы. У такім выпадку тэрмін легальнага знаходжання ў Польшчы працягваецца да канца 30-га дня з даты адмены эпідэмічнай пагрозы.

Калі гаворка ідзе пра замежнікаў, якія прыбываюць згодна з дакументамі на кароткачасовае знаходжанне (у тым ліку ў межах бязвізавага руху), легальным будзе прызнаны побыт толькі тых замежнікаў, якія 14 сакавіка 2020 года знаходзіліся на тэрыторыі Польшчы. Тыя, хто прыехаў у Польшчу пазней, павінныя падаць заяву на дазвол на побыт на падоўжаны тэрмін.

Легальнае знаходжанне ў гэты час не патрабуе дадатковых візаў ці штампаў у пашпарце, атрымання новай карты побыту або іншых дакументаў. Замежнік можа выконваць працу, калі гэта дазваляў ранейшы дакумент. І можа свабодна пакінуць краіну без дэпартацыі і пераймання пра наступствы нелегальнага побыту.

Працяг тэрмінаў дзеяння «карт побыту»

Новыя правілы прадугледжваюць працяг тэрмінаў дзеяння «карт побыту» і часовых пасведчанняў асобы замежніка (поль. TZTC – дакумент, які выдаюць замежнікам згодна з хадатайніцтвам аб прадастаўленні міжнароднай абароны). Тэрмін дзеяння «карты» падоўжаць, калі ён скончыўся ў перыяд стану эпідэмічнай пагрозы або эпідэміі. Тэрмін дзеяння гэтых дакументаў працягнуць да канца 30-га дня з даты адмены эпідэмічнай пагрозы.

Працяг тэрмінаў падачы дакументаў

Згодна з законам, падоўжыліся тэрміны падачы заявак на атрыманне дазволу на прыбыванне, падаўжэнне віз, а таксама прыбывання ў межах бязвізавага руху, калі гэты тэрмін прыпадае на перыяд стану эпідэмічнай пагрозы або эпідэміі. Як і ў выпадку з іншымі дакументамі, гэтыя заявы можна будзе падаць цягам 30-і дзён пасля афіцыйнага вяртання краны да звычайнага жыцця.

Анастасія Русецкая Belsat.eu

Стужка навінаў