«Гэта наш адказ на сітуацыю з Курапатамі». Статкевіч заклікае на акцыю 3 ліпеня


Статкевіч на акцыі ў 2016 годзе

Экс-палітвязень, старшыня «Народнай грамады» Мікола Статкевіч заклікаў на акцыю пратэсту, якая адбудзецца 3 ліпеня а 13-й гадзіне ля Парку Чалюскінцаў.

«Летась на 3 ліпеня мы выйшлі на Кастрычніцкую плошчу, каб нагадаць, што ўсе святы ў краіне адабраныя Лукашэнкам. Але была і дадатковая актуальная праблема – расейскія вучэнні. Сёлета такая праблема – гэта Курапаты. Калі б не масавыя рэпрэсіі 1937-га года, то, магчыма, і вайны б не было. Колькі перспектыўных маладых палкаводцаў былі расстраляныя і ляжаць у ямах не толькі ў Курапатах, але і на тэрыторыі Парку Чалюскінцаў. Таму акцыя – наш адказ на сітуацыю вакол Курапатаў і адказ уладам, якія спекулююць на нацыянальнай трагедыі», – сказаў Статкевіч у каментары belsat.eu.

«Што за незалежнасць яны святкуюць, ад каго? Краіна акупаваная, штогод чалавек у форме ката стаіць на парадзе (маецца на ўвазе міністр Шуневіч, – рэд.). Для сябе я абіраю змаганне з прычынай рэпрэсіяў, а не з наступствамі», – дадаў палітык.

Паводле плану, акцыя мусіць распачацца мітынгам на пляцоўцы на праспекце Незалежнасці, ля выхаду з метро «Парк Чалюскінцаў». Потым удзельнікі збіраюцца ўскласці кветкі да помніку савецкім жаўнерам па вул. Талбухіна, а пасля – да мемарыяльнага крыжа ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, які знаходзіцца ў самім парку Чалюскінцаў.

«Калі ж улада паспрабуе чыніць нам перашкоды, калі пачнуцца прэвентыўныя арышты, то людзі пойдуць у цэнтр, на парад і паднімуць там плакаты. Пры гэтым цэнзураванннем зместу плакатаў я займацца не буду», – адзначыў Статкевіч.

Ён ужо звярнуўся да іншых апазіцыйных палітыкаў і актывістаў (у прыватнасці да абаронцаў Курапатаў і Паўла Севярынца) з прапановаю падтрымаць ініцыятыву і далучыцца да акцыі.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары