Лукашэнка зноў параіў спартоўцам есці сала: «Гэта найлепшы энергетык»


Аляксандр Лукашэнка загадаў Міністэрству спорту і турызму сумесна з Міністэрствам аховы здароўя навесці парадак у харчаванні спартсменаў.

«Мінспорту сумесна з Міністэрствам аховы здароўя неабходна навесці парадак у харчаванні спартсменаў. Які вы хочаце ад іх вынік, калі яны не сочаць за сваёй вагой? Чаму гэтае пытанне не кантралююць лекары нацыянальных камандаў?» – спытаў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, яго лекару прыйшлося сумесна з дыетолагамі заняцца харчаваннем асобных спартоўцаў. Некаторыя з іх зусім не выконвалі рэжым харчавання, а пры неабходнасці скінуць вагу імкнуліся вырашыць гэтую праблему за некалькі дзён народнымі спосабамі.

«Усё ў сацыяльных сетках абмяркоўвалі, калі я жартам сказаў, што найлепшы допінг гэта сала. Гэта не я прыдумаў. Гэта найлепшы энергетык для любога спартсмена, асабліва для хакеіста, лыжніка» – адзначыў ён 13 красавіка на нарадзе па пытаннях развіцця зімовых відаў спорту.

Лукашэнка таксама рэзка выступіў супраць ужывання спартоўцамі допінгу.

«Давайце будзем арыентаваць на чалавечыя рэсурсы. Плюс сала. Спорт павінен быць чыстым. Даравання ў гэтым плане не будзе. Гэта ўжо не тыя часы. Вы бачыце, на які ўзровень паднятая гэтая праблема».

ІІ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў