«Гэта можа кардынальна змяніць сітуацыю». Ці здолеюць аб’яднацца Ціханоўская, Цапкала і Бабарыка?


Пратэст 14 ліпеня ў Менску.
Фота: ТК / Belsat.eu

Пасля нерэгістрацыі кандыдатамі на прэзідэнцтва двух альтэрнатыўных прэтэндэнтаў – Валера Цапкалы і Віктара Бабарыкі – у сацыяльных сетках пачалі з’яўляцца заклікі да іх аб’яднання з камандаю Святланы Ціханоўскай, якая трапіла ў выбарчы бюлетэнь. Але ці рэальна гэта зрабіць?

Тэхнічна – не, на ўзроўні заяваў – так

У каментары belsat.eu палітолаг Юры Чавусаў адзначыў, што да дня выбараў засталося толькі тры тыдні, і таму тэхнічна аб’яднанне штабоў немагчымае.

«На ўзроўні палітычных заяваў, што, маўляў, мы маем адну стратэгію ці адну тактыку і аб’ядноўваем высілкі, гэта магчыма. Але ўявіць, што інфраструктура, створаная штабам Бабарыкі ці штабам Цапкалы, будзе працаваць на кандыдата Ціханоўскую, у якой інфраструктура разбітая крымінальнымі справамі, мне не ўяўляецца магчымым», – заявіў палітолаг.

Hавiны
АНТ апублікавала апытанне пра электаральныя перавагі беларусаў
2020.07.15 09:45

На яго думку, супраца не пойдзе далей за палітычныя дэкларацыі, а рэальная супольная праца па палітычнай рэкламе, распаўсюдзе агітацыйнай прадукцыі малаверагодная. Таксама не атрымаецца перакінуць грошы з перадвыбарчых фондаў Бабарыкі ці Цапкалы на рахунак Ціханоўскай.

Разам з тым, мяркуе Юры Чавусаў, можа быць скарыстаны вялікі рэсурс Бабарыкі – людзі, якія яго падтрымліваюць і адгукаюцца на заклікі штабу. У тым ліку іх могуць заклікаць да назірання за выбарчым працэсам пад брэндам ініцыятывы «Честные люди».

Прадстаўнікі штабу Віктара Бабарыкі. Фота з Facebook Марыі Калеснікавай

«Мне падаецца, што на гэтым кірунку супраца магчымая. Гэта тое, што будзе адбывацца падчас галасавання і ацэнкі наяўнасці ці адсутнасці фальсіфікацыяў падчас выбараў», – заявіў палітолаг.

Эксперт таксама не ўпэўнены, што штабы Бабарыкі ці Цапкалы маглі б заявіць пра падтрыманне Ціханоўскай.

«Цапкала можа весці сваю нейкую гульню, бо ў адрозненні ад Бабарыкі ён на волі. А Бабарыка за кратамі, і што там з ім адбываецца, якая інфармацыя да яго даходзіць і як яна пасля ад яго сыходзіць, – гэта складае пытанне», – падкрэсліў Чавусаў.

Hавiны
Пераможныя засталіся за бортам. Каго ЦВК пакінуў у бюлетэні?
2020.07.14 15:54

На яго думку, у штабе Бабарыкі няма людзей, якія б маглі ўзяць палітычную адказнасць за рашэнне пра аб’яднанне з Ціханоўскай. Бліжэйшы тыдзень штаб мае прысвяціць абскарджанню нерэгістрацыі ў Вярхоўным судзе. Разам з тым, у гэты час яны змогуць весці перамовы і пасля адмовы ў Вярхоўным судзе выступіць з супольным палітычным мэсіджам, мяркуе суразмоўца.

Для арганізацыйнага ж аб’яднання, мяркуе Чавусаў, засталося замала часу.

Перамагчы выбары для новых выбараў

Палітолаг Вольга Абрамава мяркуе, што, калі Ціханоўская і два штабы адрынутых прэтэндэнтаў аб’яднаюцца, то «гэта ў стане кардынальна змяніць сітуацыю». Паводле яе, у выніку такога аб’яднання Ціханоўская мае прапанаваць грамадству ў выпадку ейнай перамогі правесці праз чатыры месяцы пасля выбараў канстытуцыйны рэферэндум з пэўнымі ўмовамі і параметрамі, а затым, пасля рэферэндуму, абвясціць пра новыя прэзідэнцкія выбары.

Валер Цапкала на сустрэчы з жыхарамі Бараўлянаў. 4 чэрвеня 2020. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Папярэдне павінны быць вызваленыя ўсе палітвязні, і кожны грамадзянін Беларусі павінен мець магчымасць удзельнічаць у гэтых прэзідэнцкіх выбарах. Ніякай іншай праграмы, у прынцыпе, прапаноўваць наагул не трэба», – мяркуе Абрамава.

Маленькая вайна

Палітолаг параўнала Ціханоўскую з Карасон Акіна, якая, будучы хатняй гаспадыняй і маці пяці дзяцей, у 1986 годзе стала прэзідэнткай Філіпінаў. «Абараняючы справу свайго мужа, яна ўзняла грамадскі рух, які ўзнёс яе на пасаду прэзідэнта».

«Таму няма нічога не магчымага. Ніколі не трэба казаць, што нешта немагчымае. Усё ідзе ад актыўнасці людзей. Але проста часу вельмі мала, працаваць трэба літаральна з колаў», – сказала яна.

Hавiны
Святлана Ціханоўская міліцыянтам: Вы разумееце, што вашымі рукамі чыніцца генацыд?
2020.07.15 09:19

Абрамава адзначыла, што любыя выбары – гэта маленькая вайна, і падначальвацца трэба наступным правілам: максімальная мабілізацыя, максімальная наладжанасць механізмаў, супольная праца з адказнасцю кожнага.

«Агулам ёсць тры рэсурсы. Час, грошы, людзі. І яны ўзаемна замяняюцца. Часу мала. Значыць, трэба канцэнтраваць усе высілкі. Адзіны варыянт пераламаць сітуацыю – гэта з такімі актарамі [Ціханоўскай, Бабарыкам і Цапкалам. – Belsat.eu] і з такімі магчымасцямі», – падкрэсліла Абрамава.

«Людзі хочуць выйсці на вуліцы і выказаць пратэст»

Нерэгістрацыя Бабарыкі і Цапкалы вывела 14 ліпеня людзей на новы пратэст. У выніку толькі ў Менску былі затрыманыя не менш за 245 чалавек. З прычыны сутычак з міліцыянтамі распачатая крымінальная справа. Яшчэ раней улады абвінавацілі ў арганізацыі пратэстаў вонкавыя сілы.

Фота: ТК / Belsat.eu

Юры Чавусаў падкрэсліў, што цяжка рабіць высновы, ці пратэсты кіраваныя з-за мяжы ці інспіраваныя ўнутры краіны.

«Усе разумеюць, што той, хто паспрабуе кіраваць пратэстамі ўнутры краіны, адразу ж будзе пад крымінальным пераследам. З іншага боку, відавочна, што тэлеграм-каналы, размешчаныя за мяжой, сапраўды інспіруюць, падбухторваюць грамадскі пратэст. Але рэсурс пратэсту, насамрэч, эндагенны, ён знутры краіны. Людзі хочуць выйсці на вуліцы і выказаць пратэст супраць рэжыму Лукашэнкі. І не так істотна, хто ім дае гэты заклік», – адзначыў ён.

Hавiны
МУС: 14 ліпеня падчас несанкцыянаванай акцыі пацярпелі супрацоўнікі АМАП
2020.07.15 15:11

У сувязі з гэтым палітолаг нагадаў, што ўвечары 14 ліпеня выходзіць на Плошчу людзей заклікаў Цапкала, але, на яго думку, для многіх удзельнікаў акцыяў пратэсту было б сюрпрызам тое, што былы прэтэндэнт на пасаду кіраўніка краіны з’яўляецца іх арганізатарам.

«А што застаецца Міністэрству ўнутраных справаў казаць? Яны быццам бы перасаджалі ўсіх лідараў вулічных пратэстаў, а пратэсты ўсё роўна адбываюцца. За спадара Цапкалу ў гэтым кантэксце крыху трывожна, бо два іншыя фаварыты выбарчай кампаніі з ліку альтэрнатыўных кандыдатаў – Ціханоўскі і Бабарыка – ужо за кратамі», – падкрэсліў Чавусаў.

Беспрэцэдэнтна масавы пратэст

Юры Чавусаў лічыць такі пратэст беспрэцэдэнтна масавым для гэтага этапу прэзідэнцкай кампаніі. Тлумачыцца гэта, на яго думку, «нахабным крокам адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты прэтэндэнтаў, якія былі фаварытамі дэмакратычнай супольнасці і дэкларавалі найбольшую колькасць сабраных подпісаў».

Hавiны
Яны выйшлі на мірны пратэст. Падчас акцыі 14 ліпеня сілавікі затрымалі больш за 250 чалавек
2020.07.15 10:31

Вольга Абрамава дадала, што такія пратэсты нельга лічыць антыдзяржаўнымі, асабліва «з кропкі гледжання людзей, якія хочуць змяніць сітуацыю мірным шляхам».

«Гэта якраз праца на ўмацаванне дзяржавы. На перспектыўную будучыню яе. Бо яшчэ пяць гадоў таго, што мы маем сёння, ды яшчэ з абяцаннямі зусім нічога не мяняць, закансервавацца – гэта ў перспектыве поўны крах Беларусі. Гэта будзе загінулая краіна», – падкрэсліла яна.

Чавусаў у бліжэйшы час чакае новыя арышты паводле адміністратыўных і крымінальных справаў і задаецца пытаннем: «Ці будзе каму выходзіць на пратэсты, калі выбары пройдуць так, як хоча адміністрацыі Лукашэнкі?»

Максім Гацак belsat.eu

Стужка навінаў