«Гэта катаванні, каб знішчыць як асобу». Размова з маці студэнта, пакаранага 114-дзённым арыштам


Яна Салановіча, студэнта 4 курсу БДУІР і супрацоўніка навукова-тэхнічнага цэнтру КДБ, затрымалі ў нядзелю 1 лістапада. Паводле маці, Ян проста ішоў уздоўж праспекту Незалежнасці, без сімволікі, сцягоў. Тым не менш, хлопца ўжо восем разоў судзілі за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах. На волю ён мусіць выйсці 23 лютага.

21-гадовы Ян Салановіч.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Для забойцаў, злодзеяў перадачы прымаюць кожны дзень

7 студзеня, на Раство, Вольга Салановіч паехала на Акрэсціна, дзе ў ізалятары больш за два месяцы трымаюць ейнага сына, 21-гадовага Яна Салановіча. Сёлета свята выпала на чацвер – дзень перадачаў на Акрэсціна. Але гэтым разам рэчаў для сына ў спадарыні Вольгі не прынялі – спаслаліся на пандэмію каронавіруса.

– Я не разумею, як так можна, – абурылася жанчына. – Для тых, хто сядзіць паводле крымінальных артыкулаў, забойцаў, злодзеяў, – кожны дзень прымаюць перадачы, даюць званкі і сустрэчы з роднымі. А мой сын не здзейсніў ніякага злачынства, і з яго так здзекуюцца. За што? Чаму мне не дазваляюць хоць раз на тыдзень перадаць яму прадметы гігіены?

Вольга Салановіч, маці Яна Салановіча.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Ян Салановіч застаецца за кратамі з 1 лістапада. Хлопца схапілі, калі ў Менску праходзіў Марш супраць тэрору.

Падрабязнасцяў затрымання сына Вольга Салановіч не ведае – распавядае толькі пра кавалачак відэа, які бачыла ў інтэрнэце. На ім Ян ідзе ўздоўж праспекту Незалежнасці недалёка ад БАТУ. У маладзёна не было ніякай сімволікі, сцягоў, нават заплечніка, ён ішоў па ходніку з маленькай бутэлечкай вады ў руцэ. Прыкладна тады, калі было знятае гэтае відэа, Яна і затрымалі.

– Я так і не зразумела да канца, за што яго схапілі, – кажа спадарыня Вольга. – Хіба што ён неяк не так, на іхны погляд, ішоў.

«Суды – абсалютна непрабіўная сцяна»

2 лістапада суд пакараў Яна 12-дзённым арыштам паводле арт. 23.34 КаАП РБ. Праз тры дні, 5 лістапада, зноў было паседжанне, на якім хлопцу яшчэ дадалі содні, потым – 10 лістапада, 18-га, 23-га… І так – восем судоў цягам лістапада і снежня. Студэнта судзілі за 15 эпізодаў: удзел у мірных мітынгах у жніўні, верасні і кастрычніку 2020 года, у чым ён сам прызнаўся. Агулам адміністратыўны арышт Яна Салановіча налічвае ўжо 114 содняў. Адседзеў ён 68. Вольга Салановіч чакае сына на волі 23 лютага. Праваабаронцы прызналі Яна палітвязнем.

Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Адвакат Яна кажа, што арыштоўваць паводле адміністратыўнай справы на 114 дзён запар – абсалютна незаконна. У сукупнасці за некалькі правапарушэнняў яго мусілі арыштаваць на 25 содняў і яшчэ на 12 за той дзень, у які затрымалі. Такім чынам – усяго на 37 содняў. Паводле спадарыні Вольгі, абаронец пра гэта кажа на кожным судовым паседжанні, але суд яго нібыта не чуе.

– Гэта абсалютна непрабіўная сцяна, – кажа маці Яна. – Адвакат зазначае, што за ўвесь свой досвед ён упершыню з такім сутыкнуўся, і ўвогуле – гэта ўнікальны выпадак у юрыдычнай практыцы, калі даюць 114 содняў за адміністратыўнае правапарушэнне.

Вольга Салановіч.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Ян на кожным судовым паседжанні прызнаваў сваю віну і прасіў суддзю замяніць яму арышт штрафам, але выніку гэта не дало, распавядае спадарыня Вольга. Прызнанне Янам віны, кажа жанчына, таксама выклікае пытанне: хлопец сам распавядаў на судах, што на яго ціснулі, ставілі ўльтыматум: ці ён піша прызнанне, ці яму дадуць 4,5 года паводле крымінальнай справы.

За два месяцы – ніводнага ліста, ні разу не быў у душы

Апошні суд над Янам прайшоў 24 снежня. Судовыя паседжанні – адзіная магчымасць для маці ўбачыць і пачуць сына, даведацца нешта пра ўмовы ягонага ўтрымання. Бо лісты да хлопца не даходзяць, і яму не даюць магчымасці пісаць родным ды сябрам.

– Я ўжо нават выслала проста пустыя канверты, каб ён мог напісаць мне ці некаму яшчэ, але яму і гэта не перадалі. Ён сядзіць у поўным інфармацыйным вакууме, – распавядае спадарыня Вольга.

На судзе, паводле жанчыны, Ян казаў, што зазнае ў ізалятары катаванні.

– За ўвесь гэты час – больш як два месяцы з дня затрымання – мой сын ні разу не быў у душы. Толькі аднойчы яго выводзілі на шпацыр, пасля якога ён прастыў, – кажа маці Яна.

На паседжанні 24 снежня палітвязень распавёў, што ў ягонай камеры ўсе хварэюць, адзін чалавек перастаў адчуваць пахі. Акрамя таго сказаў, што ўдзень ім не дазваляюць сядзець – прымушаюць падымаць ложкі.

Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

– Гэта катаванні, накіраваныя на тое, каб зламаць чалавека псіхічна, знішчыць яго як асобу, – каментуе ўмовы ўтрымання сына спадарыня Вольга.

Працаваў у КДБ, цяпер – здраднік радзімы

Калі перадачы прымалі, маці прыносіла Яну, акрамя прадметаў гігіены і слодычы, кнігі. Жанчына кажа, што сын шмат чытае, у тым ліку мастацкую літаратуру, а таксама вучыцца – у мінулую перадачу спадарыня Вольга паклала хлопцу самавучыцель нямецкай мовы.

Ян – будучы інжынер-электронік. Маладзён навучаецца паводле скарочанай праграмы, таму гэты, 4 курс для яго апошні, выпускны. Радыёэлектроніку Ян вывучае яшчэ з каледжу, куды паступіў пасля 9 класаў.

Паводле спадарыні Вольгі, пакуль што пытанне пра адлічэнне Яна не стаіць, але як падзеі будуць развівацца далей, прадказваць складана. Маці спадзяецца, што сыну дадуць давучыцца.

Навучанне на 4 курсе Ян спалучаў з працай у навукова-тэхнічным цэнтры КДБ. Туды ён трапіў на абавязковую летнюю практыку, а потым яму патэлефанавалі і запрасілі на працу. Ян працаваў на палову стаўкі – раніцай ішоў у гэты цэнтр, а потым на другую змену – на заняткі.

Вольга Салановіч.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Вольга Салановіч кажа, што праца ў КДБ цяпер іграе супраць Яна. Паводле хлопца, супрацоўнікі, якія апытвалі яго, складалі пратакол, казалі яму, што ён – здраднік радзімы.

– Я не магу зразумець такіх ярлыкоў. Як можна называць чалавека здраднікам радзімы толькі за тое, што ён выказаў сваё меркаванне? – пытаецца спадарыня Вольга. – А што да працы, дык ён прыходзіў туды, паяў з дэталяў нейкія платы і не ведаў ніякіх дзяржаўных сакрэтаў.

«Як я магу забараніць даросламу сыну выказваць свае погляды?»

Пра палітыку да выбараў 2020 года ў сям’і Салановічаў асабліва не размаўлялі. Ян таксама не выказваў выразна сваіх поглядаў.

– Час ад часу ён казаў, што яго не задавальняюць заробкі ў нашай краіне, узровень развіцця Беларусі ўвогуле, – распавядае жанчына. – Але гэта і так бачыць кожны, у каго ёсць вочы.

Паводле спадарыні Вольгі, пасля прэзідэнцкіх выбараў ужо нельга было заставацца абыякавым, збоку. І маці, і бацька падтрымліваюць Яна ў ягоным праве выказваць свае погляды.

– Мяне часам пытаюць, чаму я дазволіла яму некуды пайсці, не спыніла, – кажа маці палітвязня. – А я не разумею такіх пытанняў. Як я магу яму забараніць – даросламу чалавеку? Ён мае сваё меркаванне і права на яго выказванне. Больш за тое, гэтае права яму гарантаванае нашай Канстытуцыяй. А яго за гэтае меркаванне судзяць. Дык навошта тады нам тая Канстытуцыя?

Дваровы марш у Менску. 9 студзеня 2021 году.
Фота: АК / Белсат

Паводле спадарыні Вольгі, яны з мужам ніколі не ціснулі на Яна ў тым, што датычыць поглядаў. У разе патрэбы могуць толькі нешта параіць са свайго досведу. Спадарыня Вольга лічыць, што і не трэба ні ў якім разе ціснуць на моладзь. Жанчына захапляецца цяперашнім пакаленнем маладых беларусаў, якія не баяцца нешта рабіць і казаць, і ўдзячная ім за гэта. Таксама маці палітвязня ўдзячная людзям, якія падтрымліваюць яе сям’ю, выказваюць павагу да ейнага сына.

– Я ўдзячная ўсім, хто цяпер так, як і Ян, цярпіць гэтыя пакуты за нас усіх, – кажа спадарыня Вольга. – Увогуле вельмі ганаруся нашай моладдзю. Гэта цудоўныя людзі, цалкам новае пакаленне, не такое, як мы, і з імі нашая Беларусь магла б развівацца.

«Нам нельга раскісаць»

У той жа час маці Яна Салановіча асцерагаецца, што калі нічога не зменіцца, сыну наўрад ці дадуць спакойна жыць у Беларусі.

– Я не бачу далейшага жыцця для свайго сына ў гэтай краіне пры гэтай сістэме, – кажа суразмоўца. – Бо як здраднік радзімы можа працягваць жыць на гэтай зямлі? Яму не дазволяць.

21-гадовы Ян Салановіч.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Спадарыня Вольга распавядае, што трымацца ёй дапамагаюць добрыя словы і падтрыманне людзей, а таксама вера ў лепшае і перамогу.

– Калі мы згубім гэтую нітачку веры, то атрымліваецца, што ўсё гэта дарэмна? І нашае змаганне, і цярпенні нашых дзяцей? – пытаецца Вольга Салановіч. – Нам ніяк нельга раскісаць. Бо хто тады прыйдзе ў чацвер на Акрэсціна і адстаіць чаргу, каб перадаць тым, хто за кратамі, перадачу і кавалачак хатняга цяпла?

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў