«Гэта капітальны піяраўскі правал». Эксперты каментуюць відэа, дзе Лукашэнка ходзіць з аўтаматам


Што азначала з’яўленне Аляксандра і Мікалая Лукашэнкаў з аўтаматамі ля Палацу незалежнасці? Навошта гэта рабілася і які эфект атрымаўся ў выніку? Belsat.eu задаў гэтыя пытанні экспертам.

23 жніўня ўвечары дзяржаўныя медыі распаўсюдзілі відэа, на якім Лукашэнка з’яўляецца ля Палацу незалежнасці са зброяй. Спачатку зʼявіўся ролік, дзе Лукашэнка выходзіць з верталёта непасрэдна ля будынку, потым выставілі відэа, як ён лятае над горадам, а пасля гэтага падыходзіць да АМАПаўцаў, што абаранялі падыходы да Палацу незалежнасці. Ён дзякуе байцам, называе пратэстоўцаў пацукамі ды абяцае з імі разабрацца. Разам з Лукашэнкам быў ягоны 15-гадовы сын Мікалай – са зброяй і поўным вайсковым экіпаванні.

Пазней прэс-сакратар Наталля Эйсмант заявіла, што Лукашэнка ўвесь дзень заставаўся ў сітуацыйным цэнтры ў Палацы незалежнасці і «нікуды не збягаў».

«Народны прэзідэнт ніколі не падумае страляць у свой народ»

Аляксандр Класкоўскі, скрыншот Белсат

Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі канстатуе, што дзеянні Лукашэнкі вельмі ўразілі публіку і, калі гэта была мэтанакіраваная піяр-акцыя, то яна мела не той эфект, які задумваўся.

«Магчыма, ён сапраўды не зусім адэкватна ацэньваў сітуацыю і перастрахоўваўся, таму так і ўзброіўся. Хаця мы ведаем, што пратэст быў мірным і ніякай небяспекі штурму не было. Але ўсё ж больш імаверна, што гэта былі пастановачныя кадры, своеасаблівы мэсідж. Напэўна, была задума паказаць, што афіцыйны лідар кантралюе сітуацыю, што ён такі рашучы, бясстрашны, гатовы да самай жорсткай рэакцыі», – падкрэсліў эксперт у інтэрв’ю belsat.eu.

Каля Палацу Незалежнасці ў Менску, Беларусь. 23 жніўня 2020 г.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

Класкоўскі адзначае, што дагэтуль не зразумела, чыя гэта была ініцыятыва: самога Лукашэнкі, піярнікаў з ягонага атачэння або нават паліттэхнолагаў з Масквы. Але ў любым выпадку гэтая карцінка мела адваротны эфект.

«Узнікае простае пытанне: супраць каго зброя? Па кім збіраўся страляць Лукашэнка? Адказ толькі адзін: па сваіх суграмадзянах, па мірным народзе, якія хочуць рэалізоўваць свае палітычныя правы і абіраць сваю ўладу. Гэта нармальна для еўрапейскай краіны XXI стагоддзя. Але беларускі рэжым абсалютна несучасны і ягоны правадыр разумее, што, калі зрабіць сапраўды празрыстыя выбары, то ў рэжыму няма ніякіх шанцаў», – адзначае аналітык.

Мітынг 23 жніўня, Менск.
Фота: «Белсат»

«То бок гэта капітальны піяраўскі правал, – упэўнены Класкоўскі, – Шмат гадоў Лукашэнка культываваў вобраз народнага прэзідэнта, якога паўсюль цёпла сустракаюць і шчыра. У апошнія дні ў яго быў ужо правал на МЗКЦ – гэта быў магутны акт дэсакралізацыі Лукашэнкі, калі рабочыя пачалі яму крычаць «Сыходзь». Але потым была спроба арганізаваць штучныя мітынгі ў ягоную падтрымку і аднавіць імідж народнага прэзідэнта. Аднак з’яўленне з аўтаматам ставіць крыж на гэтым іміджы. Таму што народны прэзідэнт ніколі не падумае страляць у свой народ».

«Краіна ўбачыла страшна перапужанага Лукашэнку»

Валер Карбалевіч, фота baj.by

Палітолаг Валерый Карбалевіч дапускае, што паводзіны Лукашэнкі адначасова магло быць і імпульсіўным крокам з ягоным бокам, і спробай пазітыўнага піяру. Але ў любым выпадку рашэнне было вельмі няўдалым.

«У выніку краіна ўбачыла страшна перапужанага Лукашэнку, якога ніколі не бачыла. Атрымалася, што на абарону Палацу незалежнасці кінулі не толькі АМАП, але і войска з аўтаматамі і калючым дротам. І ўсё гэта супраць мірных дэманстрантаў», – канстатуе палітолаг.

Марыя Калеснікава ля стэлы ў Мінску. Сілавікі ачапілі месца калючым дротам. Менск, Беларусь. 23 жніўня 2020 г.
Фота: vot-tak.tv / belsat.eu

Карбалевіч таксама звяртае ўвагу на заяву Наталлі Эйсмант наконт таго, што Лукашэнка ўвесь дзень працаваў у сітуацыйным цэнтры ў Палацы незалежнасці. Але атрымліваецца, што як толькі дэманстранты наблізіліся да палацу, Лукашэнка сеў у верталёт і ўзляцеў.

«Выглядае так, што яго эвакуявалі, каб ён не трапіў палон. А потым, калі дэманстранты сышлі, ён вярнуўся ўжо з аўтаматам. Гэта сведчыць пра тое, што Лукашэнка не давярае нікому – ні войску, ні АМАПу. Ён сам узяў у рукі зброю, каб сябе абараняць.

Усё гэта разбівае прапагандысцкія тэзісы пра тое, што ён упэўнены ў сваіх сілах, што ён упэўнены ў тым, што мае падтрымку народу і войска, а супраць яго выступае нібыта толькі кучка адмарозкаў, якія кіруюцца з Захаду. Таму гэта вельмі няўдалы піяр з боку ўлады і ён мае толькі адваротны эфект», – рэзюмуе эксперт.

Акцыя салідарнасці на плошчы Незалежнасці ў Менску, Беларусь. 23 жніўня 2020 г.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu / vot-tak.tv

Па розных ацэнках у маршы 23 жніўня ў Менску ўзялі ўдзел ад 200 да 400 тысяч чалавек. Удзельнікі акцыі заклікалі кіраўніка краіны сысці ў адстаўку.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў