«Гэта гамон!» Віцебскія апазіцыянеры падалі заяўку на «Бессмяротны полк»


Чальцы адразу чатырох віцебскіх апазіцыйных партый і незалежных грамадскіх арганізацый падалі 19 красавіка заяўку на правядзенне ў абласным цэнтры акцыі «Бессмяротны полк».

Бессмяротны полк.
Фота: Vitaly Nevar/TASS/Forum

«Бессмяротны полк» – ініцыяваная ў Расеі акцыі, удзельнікі якой 9 траўня праходзяць па вуліцах з партрэтамі сваіх сваякоў, якія ўдзельнічалі ў Другой сусветнай вайне. Частымі ўдзельнікамі акцый ёсць людзі з выявамі Іосіфа Сталіна, камуністычнай, расейскай ды георгіеўскай сімволікай. У 2018 годзе арганізатарамі падобнай акцыі ў Менску выступілі прадстаўнікі шэрагу прарасейскіх арганізацый.

Заяўку на правядзенне акцыі падпісалі прадстаўнікі гарадскіх арганізацый Беларускай партыі аб’яднаных левых «Справядлівы свет» Галіна Барэйка, Свабоднага прафсаюзу металістаў Яўген Інц, арганізацыі ліквідатараў аварыі на ЧАЭС Вадзім Кузьмін ды прафсаюзу РЭП Георгій Разумаў.

Адзначым, што ў 2016 годзе Інц ды Кузьмін балатаваліся ў Палату прадстаўнікоў ад «Справядлівага свету».

Hавiны
«Начныя ваўкі» плануюць прыехаць у Беларусь са сцягамі ДНР і ЛНР
2019.04.25 16:19

Таццяна Севярынец: «Гэта гамон»

Як паведаміла ў каментары belsat.eu віцебская каардынатарка аргкамітэту партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Таццяна Севярынец, ініцыяваў падачу заяўкі кіраўнік «Справядлівага свету» у Віцебскай вобласці Мікалай Селівашка, хоць і сам не ўвайшоў у лік заяўнікаў.

«У той час, як у Віцебску ўвесь час ідзе змаганне. Калі так нахабна дзейнічае «рускі свет», зарэгістраваны «Рускі дом» і шмат якіх арганізацый гэтага кшталту, праводзяцца розныя канферэнцыі. Дайшло да таго, што наш педагагічны ўніверсітэт імя Машэрава ў лютым, калі адзначаецца Дзень роднай мовы, праводзіў дні расейскай мовы. І тут на табе такое – такое нечаканае, што проста гамон», – заявіла яна.

Кіраўніца віцебскай гарадской арганізацыі «Справядлівага свету» Галіна Барэйка распавяла, што ведае, што акцыя ініцыяваная ў Расеі. Але яе гэта не засмучае.

Аб’ектыў
Крамлёўскі «Бессмяротны полк» прайграў у беларускім судзе
2019.03.27 21:43

«Мы падтрымліваем гэтую акцыю, якая ініцыяваная ў Расеі і рэалізуецца ў Расеі. Бо нас яднае з Расеяй у гэтым плане супольная барацьба з фашыстамі», – сказала актывістка.

Пры гэтым, паводле яе, яны б падтрымлівалі акцыю, калі б яна была ініцыяваная і ў любой іншай краіне. Пры гэтым Галіна Барэйка адзначыла, што для многіх адна ўзгадка Расеі – гэта як «чырвоная ануча для быка».

Актывістка таксама распавяла, што адказу на заяўку пакуль няма.

«Бессмяротны полк» – свята пампезнасці «рускага свету»

Лідар незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч у каментары belsat.eu распавёў, што ніякай зарэгістраванай арганізацыі прафсаюзу ў Віцебску няма. Таксама, адзначыў ён, ніхто не выносіў пытанне правядзення акцыі «Бессмяротны полк» на паседжанне кіраўнічых органаў арганізацыі.

«Сам Разумаў нічога не падпісваў, але даў згоду, каб ад яго імя заяўку падпісалі. І гэтую паперу, як ён сказаў, ён зусім не чытаў, пад чым падпісваўся», – распавёў суразмоўца.

У любым разе, заявіў Генадзь Фядыніч, гэта асабістыя думкі аднаго чалавека, а не ўсёй арганізацыі. Сам лідар прафсаюзу ёсць праціўнікам акцыі «Бессмяротны полк», якая ператварылася ў «свята пампезнасці «рускага свету». «Хай туды ходзяць тыя, хто зусім страціў розум, дзе ён жыве», – сказаў ён.

Лідар РЭП таксама паабяцаў правесці таварыскую размову з Георгіем Разумавым, каб «зразумець, чаму так адбываецца».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў