«Гэта было сапраўдным катаваннем». Гісторыя адміністратаркі ТГ-каналу «Армія з народам», над якой здзекаваўся ГУБАЗіК


Жыхарка Салігорску Алена Колікава трапіла пад пераслед спецслужбаў праз тое, што яна некалькі тыдняў была адным з адміністратараў тэлеграм-каналу «Армія з народам». Спачатку яе прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасці, а пасля жанчына стала падазраванай у межах «справы Ціханоўскага». У інтэрв’ю belsat.eu Алена Колікава падрабязна распавяла пра псіхалагічны ціск і здзекі сілавікоў.

Алена Колікава. Фота прадастаўлена Аленай

«Сёлета я адчула, што цяпер мусіць нешта змяніцца ў краіне»

Алене Колікавай 41 год, яна індывідуальная прадпрымальніца. Ейны бізнес – здача кватэраў у арэнду. Палітычнай дзейнасцю жанчына ніколі не займалася, у акцыях пратэсту ўдзелу не прымала. «Салігорск наагул не пратэстны горад. У нас горад шахцёраў, усе добра зарабляюць», – канстатуе яна. Аднак пераменаў у краіне Алена хацела даўно:

«Я ўжо 26 гадоў жыву пад гэтай уладай. Для свайго дзіцяці я хачу іншага жыцця. Я не хачу, каб улада ў Беларусі перадавалася ў спадчыну, як у Паўночнай Карэі. Я не жадаю, каб наступным прэзідэнтам у нас быў Віця, потым Дзіма, а потым Коля… Сёлета я адчула, што цяпер мусіць нешта змяніцца ў краіне».

У канцы чэрвеня 2020 года Алена Колікава далучылася да тэлеграм-каналу «Армія з народам», які як раз тады толькі з’явіўся. Хто быў стваральнікам каналу – жанчына не ведае, ні з кім з адміністратараў у рэальным жыцці яна не сустракалася.

«Спасылкі-запрашэнні ў гэты канал былі рассыпаныя па ўсіх чатах і каналах. Я зацікавілася і спачатку была проста падпісчыкам. Але праз некалькі дзён мяне прызначылі адмінам. Каб вы разумелі: адмінаў там выбіралі абсалютна выпадкова. Натуральна, хто кажа нейкія радыкальныя рэчы – яго не абяруць адмінам. А хто піша здаровыя рэчы – тых маглі прызначыць адмінам», – тлумачыць яна.

Колькасць падпісчыкаў у канале хутка расла і напрыканцы чэрвеня пачаліся затрыманні адміністратараў і ўдзельнікаў каналу. Калі Алена даведалася пра гэта, яна абвесціла ў канале «эвакуацыю» – заклікала людзей адпісвацца. На наступны дзень, 9 ліпеня, да яе прыйшлі працаўнікі ГУБАЗіК. Паводле аператыўнікаў, Колікава была 13-й затрыманай у межах пераследу ТГ-каналу «Армія з народам».

Hавiны
МУС пахвалілася знішчэннем ТГ-канала «Армія з народам». Праводзіцца перадследчая праверка
2020.07.13 15:42

«Калі пачалі знікаць людзі, я зразумела, што наступнай буду я»

Алена Колікава жыве ў прыватным сектары. Раніцай 9 ліпеня Алене патэлефанаваў мужчына, які нібыта хацеў зняць у яе кватэру. Калі яна выйшла з хаты перадаць ключы, то ўбачыла, што да яе бягуць восем аператыўнікаў ГУБАЗіК у цывільным. У пастанове на ператрус фігуравалі чатыры артыкулы Крымінальнага кодэксу, у тым ліку арт. 342 (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

«Маральна я была гатовая. Калі з чату пачалі знікаць людзі, я зразумела, што наступнай буду я», – прызнаецца яна.

Калі аператыўнікі трапілі ў двор, з дому выйшла трохгадовая дачка Алены.

«Дзіця выбегла ў майточках і майцы, басанож. Ну, вы разумееце: ранішняя прахалода, а яна без адзення. Я аўтаматычна кідаюся да яе, каб завесці ў дом, а губазікаўцы кідаюцца да мяне, крычаць, каб кайданкі на мяне надзелі», – распавядае жанчына.

«О, палітота! Тварам у сцяну, рукі за спіну»

Колікаву адвезлі ў Менск, у будынак ГУБАЗіК. «Перад мною на стол кінулі тэчку з раздрукоўкамі, махалі ёй перад маім носам. Крычалі, каб аддала пароль на ноутбука і ад тэлефона, каб распавяла пра іншых адмінаў», – кажа яна.

Паколькі на супрацу жанчына не ішла, яе адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёну, дзе склалі адміністратыўны пратакол за «дробнае хуліганства» (арт. 17.1 КаАП). Згодна з пратаколам, у будынку ГУБАЗіК яна нібыта «паводзіла сябе неадэкватна»: лаялася, крычала, размахвала рукамі.

Паводле Колікавай, калі міліцыянт афармляў пратакол, яму падсунулі маленькую запіску:

«Ён паглядзеў на мяне і закрычаў: «О, палітота! Тварам у сцяну, рукі за спіну». На мяне надзелі кайданкі і вывелі ва ўнутраны дворык чакаць аўтазак».

Ноч Колікава правяла на Акрэсціна. У камеры адмыслова былі створаныя невыносныя ўмовы: было холадна, падушкі, матрац і коўдру ёй не выдалі.

«Па адчуваннях, у камеры было градусаў 8. Я сядзела на голых нарах, абхапіўшы пальцы ног (таму што пальцы замерзлі настолькі, што былі быццам бы шкляныя) і ўткнуўшыся галавой у калені, каб сагравацца ўласным дыханнем. Ежу і вады не давалі. У мяне была з сабою маленькая бутэлька вады 0,5 літры і расцягнула яе на ўвесь дзень. Насамрэч гэта было сапраўдным катаваннем», – кажа яна.

Абноўлена
Асуджаныя на содні кажуць аб катаваннях у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў
2020.06.15 16:48

«Калі б ты была мужчынам, я б цябе…»

На наступны дзень суд Цэнтральнага раёну пакараў Колікаву штрафам у памеры 15 базавых велічыняў (405 рублёў). Аднак на выхадзе з суду яе зноў затрымалі і адвезлі ў ГУБАЗіК. Там яе дапытвалі, пагражалі і абражалі, патрабуючы пайсці на супрацу і распавесці пра іншых адміністратараў каналу.

«Там быў маленькі пакой, можа 3 на 6 метраў, а іх было чалавек 10. Яны згрупаваліся вакол мяне, раўлі на мяне, мацюкаліся. Для мяне гэта было шокам!» Адзін з губазікаўцаў сказаў мне: калі б ты была мужчынам, я б цябе…. Пагражалі адабраць дзіцё, абяцалі, што дачка трапіць у дзіцячы дом і не будзе ведаць, хто маці. Былі і такія абразлівыя выказванні: маўляў, мужыка б табе, каб ты з-пад яго выпаўзала, тады бы ў цябе не было часу лезці ў палітыку…», – узгадвае жанчына.

Паводле Колікавай, губазікаўцы ў тым ліку выкарыстоўвалі сілавыя прыёмы. Аператыўнік Валеры Высоцкі націснуў ён на шыйныя пазванкі і некалькі разоў біў далонню па спіне, патрабуючы паролі ад акаўнтаў. Але жанчына зноў адмовілася.

Колікава ў выніку напісала тлумачальную пра тое, што яна нікога не ведае, ні ў чым не ўдзельнічала і ні да чаго не заклікала. Жанчыну адпусцілі ўвечары 10 ліпеня. «На развітанне яны мне сказалі: не дай бог твой твар усплыве дзесьці на «Вясне» або на «Белсаце» – тады ў наступны раз да цябе прыедзем не мы, а АМАП. І яны ўжо адразу будуць біць», – распавядае Колікава.

Hавiны
Спецслужбы працягваюць пераслед удзельнікаў ТГ-канала «Армія з народам». Распачатая крымінальная справа
2020.07.22 11:27

У той жа вечар Алена вярнулася ў Салігорск. Нечакана для сябе яна даведалася, што суседзі па вуліцы вельмі за яе турбаваліся і нават зладзілі дзяжурства каля ейнага дому, каб туды нічога не падкінулі.

«Я двое содняў не спала, двое содняў без ежы і вады, ледзь не страчвала прытомнасць. Я падыходжу да дому і бачу, што там стаяць людзі. Яны падышлі да мяне, пачалі абдымаць: «Лена, мы за цябе, мы на тваім баку». Збегліся людзі з усёй вуліцы, выказвалі словы падтрымкі. Я была вельмі ўражаная. Я купіла гэты дом толькі 2 гады таму і нават не ўсіх суседзяў ведала. Я ўсім падзякавала, зайшла ў дом, адразу ўпала і заснула. Не хапіла нават сіл у душ схадзіць», – прызнаецца яна.

Hавiны
Што вядома пра фігурантаў «справы 14 ліпеня» і ці прызнаюць іх палітвязнямі?
2020.07.25 12:23

«Папярэдняя змова» з незнаёмымі людзьмі

Аднак на гэтым пераслед Алены не скончыўся. 21 ліпеня Колікаву выклікала ў Салігорскі РАУС. Патлумачылі, што ёй нібыта хочуць вярнуць канфіскаваныя ноўтбукі. Але ў будынку РАУС яе зноў затрымалі працаўнікі ГУБАЗіК і павезлі ў Менск у Следчы камітэт.

Алена Колікава была затрыманая ў межах «справы Ціханоўскага». Нібыта яна «паводле папярэдняй змовы» з Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам і іншымі палітвязнямі 29 траўня падчас пікету па зборы подпісаў зладзіла дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

«Насамрэч я з гэтымі людзьмі была не знаёмая, я нават не перапісвалася з імі ў інтэрнэце. Я, канешне, ведала, што ёсць такі палітык Статкевіч, ёсць блогер Ціханоўскі… Чула імёны астатніх, бо іх тады ўжо прызналі палітвязнямі. Але я нават не ведаю, як большасць з іх выглядае, візуальна іх не памятаю», – прызнаецца Алена.

Больш за тое, Колікавай 29 траўня не было ў Горадні. У той перыяд Алена знаходзілася на самаізаляцыі і з сакавіку нікуды не хадзіла. А суполка «Армія з народам» была створана толькі 26 чэрвеня.

Hавiны
Ад былога амапаўца да праграміста. Што вядома пра фігурантаў «справы Ціханоўскага»
2020.06.11 17:04

21 ліпеня Колікаву змясцілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. На наступны дзень, 22 ліпеня, у ЦІП яе ў прысутнасці дзяжурнага адваката дапытала следчая СК. Паводле Колікавай, следчая вяла допыт карэктна, яе паказанні запісвала дакладна. Аднак ужо пасля допыту да яе ў ЦІП зноў прыйшоў працаўнік ГУБАЗіК. Цяпер ужо размова ішла без адвакату.

«Ён зноў прынёс гэтую тэчку з раздрукоўкамі асабістых паведамленняў, дзе маркерамі выдзеленыя асобныя фразы», – кажа яна.

Напрыклад, сілавік зачапіўся за адно з асабістых паведамленняў, якое жанчына напісала знаёмаму. «Я была ў напружанні і напісала паўжартам, маўляў, вілы ў мяне заточаныя. Вось да гэтага прычапіліся. Але я кажу: даруйце, я жыву ў прыватным сектары і вілы – гэта проста мой аграрны інструмент. Ён зноў сядзеў і паўтары гадзіны мне пагражаў, што мяне пасадзяць, што ў мяне адбяруць дачку», – распавядае яна.

Аднак Колікава зноў не пагадзілася на супрацу з ГУБАЗіКам:

«Напрыканцы, ён кажа: ну што, можа нам заўтра прыехаць, ты больш лагодная будзеш? А я кажу: не марнуйце мае падаткі».

«Тысяча мужыкоў гатовая сядзець на канапе»

Алена Колікава. Фота прадастаўлена Аленай

24 ліпеня Алена выйшла на свабоду.

«Шчыра, калі мяне выклікалі, я была ўпэўненая, што мяне перавядуць у СІЗА. Але мяне адпусцілі. Я застаюся падазраванай, я абавязаная з’яўляцца на допыты па першым выкліку. Хаця падпіску аб нявыездзе мне не давалі», – распавяла яна.

Адвакат Алены Колікавай 29 ліпеня накіраваў скаргу ў Генпракуратуру на дзеянні аператыўнікаў ГУБАЗіК. Таксама Колікава збіраецца абскардзіць рашэнне суду па яе адміністратыўнай справе.

Ігар Ільяш belsat.eu

Стужка навінаў