«Гэта была ракавая, выпадковая куля…». Сваякі пра застрэленага ў ЗША беларуса


35-гадовага Аляксандра Гусева забілі 31 траўня ў горадзе Вірджынія-Біч падчас страляніны ў муніцыпальным комплексе.

Hавiны
Падчас страляніны ў штаце Вірджынія загінуў беларус
2019.06.02 09:07

Ахвярамі стралка сталі 12 чалавек. Сам стралок быў паранены і загінуў у шпіталі. Belsat.eu звязаўся са сваякамі Аляксандра, якія жывуць у Беларусі.

Аляксандр Гусеў нарадзіўся ў Магілёве, але апошнія 16 гадоў жыў у ЗША. Упершыню ён патрапіў у Амерыку ў 17-гадовым узросце па праграме абмену і пасля таго ўжо не мог перастаць думаць пра пераезд туды. Аляксандр захапляўся жывапісам, але ў момант, калі трэба было вызначацца з адукацыяй, ён выбраў не мастацтва, а гісторыю і пайшоў на гістарычны факультэт МДУ імя А. Куляшова. Вышэйшую адукацыю ў Беларусі Аляксандр так і не атрымаў, бо на 4-ым курсе канчаткова з’ехаў у Амерыку.

«Саша быў вельмі мэтанакіраваным і вельмі чулым чалавекам. Ён з’ехаў з Беларусі вельмі рана. У Амерыцы ён быў без дапамогі, усяго дабіваўся самастойна. Пры гэтым яму прыйшлося прайсці праз пэўныя выпрабаванні ў жыцці, але ён не стаў грубым, не страціў свайго пачуцця гумару, ён быў вельмі вясёлы», – кажа ягоная сваячка, якая пажадала выказацца ананімна.

Па словах сваякоў, Аляксандр рабіў у ЗША кар’еру і яго ўсё задавальняла. «Ён быў шчаслівы там, ён не хацеў для сябе нічога іншага», – тлумачыць сваячка. Да Аляксандра ў Амерыку паступова пераехала ягоная маці і брат-блізнюк Аляксей разам са сваёй сям’ёй.

«У падлеткавым узросце, калі ён вывучаў ангельскую мову, усе мэты Аляксандра былі пра адное – з’ехаць адсюль. У Амерыцы Саша рабіў кар’еру, ён марыў ажаніцца, у яго была нявеста, ён хацеў дзяцей. Усё, як ва ўсіх, у прынцыпе. Цяпер у Магілёве ў Сашы застаўся бацька і дваюрадныя брат ды сястра», – кажа жанчына.

Паводле суразмоўцы ад Сашы з Амерыкі заўсёды былі добрыя навіны. Пра тое, што яны набылі дом, што рамантуюць яго, што мама там саджае памідоры.

Цяпер маці і брат забітага беларуса занятыя арганізацыяй пахавання.

«Гэта вельмі цяжка, калі з-за такой недарэчнай выпадковасці сыходзіць малады мужчына, поўны надзеяў, сілаў і планаў на будучыню. Я не магу гэта прыняць і паверыць у гэта, хоць я бачу навіны пра гэта ў інтэрнэце», – кажа сваячка.

Размова з іншымі членамі сям’і літаральна абрываецца на паўслове: «Бацька Аляксандра ў цяжкім стане, для яго гэтая навіна – шок страшнейшы. Ён яшчэ спадзяваўся, што ўсё гэта памылка і з Аляксандрам нічога не здарылася. Аляксандр сам усяго дабіўся, быў добрым чалавекам. А гэта ўсё проста лёс, тая ракавая куля, якая выпадковая, проста выпадковая…выбачайце, вельмі цяжка казаць…», – распавядае сваяк беларуса.

Аляксандр Гусеў, фота профіля на facebook.com

Аляксандр Гусеў атрымаў вышэйшую адукацыю ў Амерыцы. Ён скончыў бакалаўрыят Універсітэту Старога Дамініёна ў галіне грамадскага будаўніцтва. Аляксандр працаваў спецыялістам у пытаннях звароту зямельных участкаў у горадзе Вірджынія-Біч.

Рэдакцыя Belsat.eu прыносіць свае спачуванні сям’і і сябрам загінулага.

Вольга Васільева, belsat.eu

Стужка навінаў