Гэры Дэйвід Полік упершыню выйшаў да грамадскасці


Новаабраны кіраўнік Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту сёння ўпершыню выйшаў да грамадскасці. Аднак нават пасля ягонай прэсавай канферэнцыі, пытанняў засталося не менш, чым раней. У таямніцах ЕГУ разбіралася – Настасся Яўмен.

Паўгадавы серыял пад назваю «Выбары рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту» скончыўся. Беларускую ВНУ ў выгнанні ачоліў амерыканец Гэры Дэйвід Полік. Але замест кропкі атрымалася некалькі пытальнікаў.

Конкурс распачаўся ў кастрычніку. Адборам займалася пошукавая камісія адмыслоўцаў адукацыі, у складзе – ніводнага беларуса. А на зАклікі грамадскасці ўлучЫць у пошук беларусаў рэакцыі не было. Акадэмічная супольнасць патрабавала голасу ў выбары рэктара, аднак на фінальнае галасаванне, што адбывалася ў франкфурцкім аэрапорце, (й)іх не дапусцілі нават на правах назіральнікаў.

Урэшце Кіроўная рада дала голас студэнтам, але запрацуе гэта… толькі пасля прызначэння новага кіраўніка ўніверсітэту. Адзін з чальцоў рады прызнаўся, што працэдура выбараў прапісаная недакладна.

Без ілюзіяў за выбарамі сачылі і звольненыя выкладнікі ЕГУ. Супадзенне ці не – амаль усе яны складалі касцяк прафзвязу ўстановы. Мы сустрэліся з Дзмітрыем Карэнкам ля былога будынку ЕГУ ў Менску. На думку выкладніка, універсітэт забыўся аб прыярытэтнасці беларускае місіі ды ролі беларусаў у ім.

Сход сузаснавальнікаў вызначыўся з кандыдатураю пераможцы трэцяга красавіка. Афіцыйнае ж пацверджанне ад адміністрацыі прыйшло толькі 10-га красавіка. Перад журналістамі новаспечаны рэктар з’явіўся толькі сёння на віртуальнай прэс-канферэнцыі. Ён адзначыў, што звольненых выкладнікаў вяртаць не плануе, затое мае намер скарэктаваць місію ЕГУ і павялічыць долю студэнцкай аплаты ў бюджэце.

«Адная з прычынаў, чаму Кіроўная рада запрасіла мяне ў якасці кансультанта, – развязаць праблему дзіркі ў бюджэце ўстановы. Яна не сфармавалася за час майго перабывання тут».

З сённяшніх заяваў Поліка вынікае, што дзірку гэтую новы рэктар плануе затыкаць перадусім за кошт павышэння аплаты за навучанне.

На рэктары таксама, відаць, будуць ашчаджаць. На пасадзе кансультанта Полік атрымліваў амаль чвэрць мільёна еўраў за год. Улічваючы фінансавыя цяжкасці, заробак рэктара скарацілі амаль удвая.

Настасся Яўмен, «Белсат», Вільня-Менск

Стужка навінаў