«Год звычайных людзей, якія сталі героямі». Беларусаў віншуюць Святлана Ціханоўская, Ніна Багінская ды іншыя «неймаверныя»


Пасля падзеяў жніўня выраз «беларус беларусу беларус» зайграў новымі фарбамі. Шмат хто прызнаецца, што мы не ведалі адно аднаго да гэтага лета. У нашай краіне з’явіліся «неймаверныя», якія натхнялі сваім прыкладам і дапамагалі верыць у тое, што ўсё не дарма. Belsat.eu запісаў віншаванні тых, хто спрычыніўся да падзеяў, якія абʼядналі тысячы беларусаў.

Святлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская ў Берліне.
Фота: HANNIBAL HANSCHKE / Reuters / Forum

Самая яркая падзея для мяне – вядома, народны ўздым, барацьба мільёнаў беларусаў за свае правы, за сваю годнасць. Шкадую, што побач са мной няма Сяргея, ён ужо 7 месяцаў у турме. Шкадую, што ён не адчуў напоўніцу гэтай новай энергіі. Ганаруся, што я беларуска, што належу да вось такога беларускага народу: моцнага, крэатыўнага, які паважае сябе ды іншых. А больш за ўсё мяне ўразіла, што мы навучыліся быць салідарнымі ды стаяць разам плячо ў плячо дзеля адзінай мэты: новай Беларусі!

Ад усяго сэрца зычу ўсім таго ж, што і сабе: давесці нашую справу да перамогі! Шанаваць жыццё і свабоду, не даць збіць сябе са шляху! Высока трымаць галаву і памятаць: мы нясём адказнасць за будучыню, як сваю, так і нашых дзяцей! Жыве Беларусь!

Ніна Багінская

Ніна Багінская.
Фота: ТК / Белсат

Самая яскравая падзея 2020-га – масавасць на акцыях супраціву хлусні пасля сумна вядомых выбараў, подлых і непраўдзівых. Народ падняўся, успомніў пра свой гістарычны сімвал. Я вітаю гэты народны супраціў. Трэба, каб ён працягваўся, каб народ перамог фашызм і знявагу.

У новым годзе я б пазычыла ўсяму народу свабоды, каб не было палітзняволеных. Каб у нас не было палітзняволеных, каб улада, якая прынесла смерць, пакаялася, каб улада больш не несла зла народу. Каб улада вызнала, што без нашай гістарычнай праўды, бел-чырвона-белага сцяга, мовы не будзе свабоды, незалежнай дзяржавы. Зычу дабра ў новым годзе.

Алена Леўчанка

Баскетбалістка Алена Леўчанка пад час акцыі пратэсту ў Менску.
Фота: Instagram

Беларускі народ – гэта і ёсць галоўная падзея года для мяне. Беларускі народ нарэшце ўсвядоміў сваю сілу, моц і волю. Я ганаруся быць беларускай цяпер, як ніколі. І я ганаруся беларускім народам. Яшчэ мне вельмі пашанцавала сустрэць новых сяброў і аднадумцаў. У нас агульныя каштоўнасці. Таму я сапраўды ганаруся, што ёсць часткай Свабоднага аб’яднання спартоўцаў.

Я хачу ад усяго сэрца павіншаваць кожнага з вас з новым надыходным 2021 годам. У гэтым годзе мы, нарэшце, даведаліся, хто мы ёсць на самой справе. Менавіта сёлета мы ўсвядомілі, што мы не «народзец» а народ, што мы – нацыя. І што ў нас ёсць непераможныя воля і дух, якія не дазваляюць нам здацца. Тое адзінства, якое мы адчуваем кожны дзень, азначае, што мы ёсць адзін у аднаго. І менавіта гэтае адзінства і надае сілаў рухацца далей. Хачу пазычыць усім самага моцнага здароўя, пазітыўных эмоцыяў, усмешак, сямейнага дабрабыту і шмат сонечных дзён. І каб у вашым сэрцы і душы заўсёды панавала цеплыня. Я веру, што ў нас усё атрымаецца, і хутка мы будзем жыць у той свабоднай і незалежнай Беларусі, да якой усе так моцна імкнёмся.

Андрэй Стрыжак

Кіраўнік Фонду салідарнасці BYSOL Андрэй Стрыжак.
Фота: ІА / Белсат

Для мяне падзея года 2020 – шалёная хваля салідарнасці. Спачатку яна была з медыкамі, потым з рэпрэсаванымі і з людзьмі, якія былі збітыя, забітыя пасля жнівеньскіх падзеяў. Людзі пачалі дапамагаць адно аднаму ў такіх маштабах… Другое – дыяспара, якая зрабіла нашу краіну глабальнай. Беларусь там, дзе ты. Раней мы ўспрымалі, што чалавек з’язджае з Беларусі і растае недзе на прасторах свету. Зайздросцілі такім дыяспарам, як азербайджанская, армянская, грузінская, якія вельмі згуртаваныя. Аказалася, што беларусы нічым не горшыя. Беларусь цяпер паўсюль.

Нашы нацыянальныя сімвалы сталі сваймі для шмат якіх людзей, якія раней пра гэта ніколі не казалі. Мы, беларусы, сталі браць адказнасць за сябе і сваю будучыню. Я жадаю, каб новы год стаў пачаткам новай эры ў жыцці краіны, вольнай, свабоднай, дэмакратычнай, у якой кожны вырашае лёс самастойна. Калі ў гэтую навагоднюю ноч мы будзем піць шампанскае толькі праз тое, што адбылася змена каляндарных гадоў, той повад, праз які шампанскае ў краіне скончыцца, абавязкова адбудзецца ў 2021.

Наталля Дуліна

Студэнты МДЛУ выйшлі на акцыю салідарнасці з Наталляй Дулінай. Яна працавала дацэнтам кафедры італьянскай мовы МДЛУ. Фота ТК/Belsat.eu

2020 год стаў для ўсяго свету годам цяжкіх выпрабаванняў. Нам, беларусам, ён прынёс шмат болю і перавярнуў усё нашае жыццё. Але я думаю, што менавіта гэтыя трагічныя падзеі сталі каталізатарам нашага нацыянальнага ўздыму. Перадвыбарчая кампанія, выбары, жорсткае падаўленне мірных пратэстаў, жахлівы гвалт і хлусня змянілі нашую самасвядомасць. Такой згуртаванасці, салідарнасці, спагады і гатовасці дапамагчы адзін аднаму мы ніколі ў сабе не заўважалі. Мне здаецца, што гэта ўразіла нас саміх, мы самі не чакалі такога ад сябе.

Для мяне ў гэтым годзе самаю вялікаю нечаканасцю стала незвычайная грамадзянская актыўнасць студэнтаў нашага ўніверсітэту, іх перакананасць у тым, што студэнцкі рух – гэта велізарная сіла, здольная змяніць свет. А самая яскравая асабістая падзея года – неймавернае, каласальнае падтрыманне пасля майго звальнення – ад маіх калегаў, студэнтаў, выпускнікоў, многіх зусім незнаёмых людзей. Такога цяпла я, напэўна, ніколі ў жыцці да гэтага не адчувала.

Я думаю, што гэты год – год звычайных людзей, якія сталі героямі. У новым годзе я жадаю ўсім нам шчасця і выканання ўсіх запаветных жаданняў. Каб усё ў нас было добра, і каб гэтая барацьба – мірная барацьба – скончылася нашаю перамогаю. Мы ўсё гэта даўно заслужылі! Каб мы жылі ў свабоднай краіне, у якой заўсёды свеціць сонца, нават у хмарнае надворʼе. І каб памяталі: шмат што залежыць ад нас, нават тое, што мы не ў сілах змяніць. Галоўнае – быць у гармоніі з сабой і нічога не баяцца!

Іна Зайцава

Марш герояў
Іна Зайцава.
Фота: ІА / Белсат

2020 год адкрыў мне саму сябе і людзей вакол мяне – вось не думала, што мы такія дзёрзкія і вольныя. За гэтае адкрыццё не шкада плаціць штрафы і содні. Вялікі дзякуй вам, мае суайчыннікі, за тое, што цяпер я ганаруся краінай, у якой жыву ў ладах з суседзямі і сумленнем. Мая самая важная падзея гэтага года – знаёмства з ідэямі Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай; смеласць людзей, якія маюць усё для спакойнага жыцця ў дастатку, гэтым усім ахвяраваць за ідэю – вартая лепшых часоў нашай гісторыі.

Падзеі, якія мяне ўзрушылі, – катаванні і смерці людзей, прозвішчы якіх урэзаліся ў нашыя сэрцы. І ў святочныя дні гэта асабліва востра адчуваецца. Гэты Новы год мы святкуем без іх, але за іх мы будзем рабіць крокі да нашай перамогі. Свабодныя Беларусы, жадаю вам… тое, што вы і самі ведаеце, а вось потым – ніколі не разгубіць таго, што мы набылі гэтым летам, – НАС. Выходзіць у двор і пасля перамогі, адстойваць свае правы гучна і з любой нагоды, не згаджацца на кампрамісы за салодкі кавалак торта з аліўкавым варэннем і заўсёды ісці толькі ўперад. Усё яшчэ несвабодным Беларусам жадаю захаваць псіхічнае здароўе, пасля таго як карцінка на БТ зменіцца. Жыве Беларусь – жыве вольная!

Каця Пытлева

Тэлевядоўца Кацярына Пытлева.
Фота: katerina.pytleva / Facebook

Сказаць, што гэты год быў складаным, нічога не сказаць, бо 2020-ы ўжо ўвайшоў у лік найгоршых не толькі для беларусаў, але і для ўсяго свету. Але ў той жа час, мне здаецца, гэты год вельмі важны для нашай краіны, ён стаў тою самаю кропкай, пасля якой змянілася ўсё. У першую чаргу, мы самі. Мне заўсёды падабалася фраза: «Цямней за ўсё – перад світаннем». І яна як найлепш, на маю думку, падыходзіць да таго, што цяпер, пад заслону года, адбываецца з усімі намі. Каронавірус, наплявацельскае стаўленне ўладаў да здароўя беларусаў, іхнага выбару, правоў і свабоды слова, гвалт і нябачаныя раней рэпрэсіі – усё гэта прывяло да галоўнага: беларусы прачнуліся.

І гэта – самы галоўны і самы лепшы вынік года. Мы абʼядналіся, зʼядналіся і не спынімся. Так што нараджэнне нацыі (а інакш я гэтага назваць не магу) – гэта найлепшае, што магло з намі адбыцца ў гэтым годзе.

Вельмі горка будзе ўспамінаць гэты год за той гвалт, які зазналі на сабе беларусы, за тых, для каго гэты год стаў апошнім. Але ў той жа час немагчыма не ганарыцца тым, да чаго мы прыйшлі, – нараджэннем новай Беларусі. Галоўнае, што я хачу пажадаць усім нам, – верыць, рабіць усё, што ў нашых сілах, для канчатковых пераменаў, і памятаць адно з самых важных словаў года: салідарнасць. Бо ў ім цяпер для мяне – уся Беларусь.

Павел Аракелян

Музыка Павал Аракелян на «Wargaming Fest».
Фота: ІА / Белсат

У новым годзе мне б моцна хацелася пажадаць, каб мы канчаткова пазбавіліся пацукоў і каб у нашай краіне нарэшце пачала панаваць законнасць. Я неймаверна ганаруся беларусамі, якія, нягледзячы на найцяжэйшыя часіны, прадэманстравалі, што мы – нацыя, якая не ведае страху, якая не цярпіць ганьбы, якая клапоціцца адзін аб адным і якая сапраўды жыве ў ХХІ стагоддзі. Мы ўжо не проста хочам людзьмі звацца, мы ўжо людзьмі завёмся! Са святамі і Жыве Беларусь!

Кірыл Галанаў

Дыджэі пераменаў Кірыл Галанаў і Уладзіслаў Сакалоўскі.
Фота: Ганна Русінава / Белсат

Самая яскравая падзея для мяне, калі на чацвёрты дзень пасля выбараў выйшлі толькі жанчыны. Я гэту падзею прапусціў. Сядзеў у гэты час на Акрэсціна, і пра ўсё, што адбываецца, даведаўся пасля. Але я калі пра гэта даведаўся з аповеду сябра, нават не бачачы яшчэ фота, ужо тады разумеў, наколькі ж гэта было моцна. Пасля ўсяго жаху, які адбыўся, на вуліцу ўсё роўна выйшлі, і выйшлі жанчыны. Ганаруся тым, што я беларус, тым, што я частка гэтых выдатных людзей. Прызнаюся, што раней я пра гэта нават не задумваўся. У гэтым годзе мы як быццам заўважылі адзін аднаго. Навучыліся захапляцца і ганарыцца людзьмі, якія навокал. Думаю ў гэтым ёсць наша вялікая сіла. Зычу кожнаму рабіцца мацнейшым ды рабіць мацнейшымі тых, хто побач.

Сяргей Дылеўскі

Сяргей Дылеўскі
Сябар прэзідыуму Каардынацыйнае рады, старшыня стачкаму МТЗ Сяргей Дылеўскі.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

Увесь год быў вельмі цяжкі для завадчанаў з адной прычыны, што пачынаючы з вясны практычна кожны рабочы перахварэў. На фоне эпідэмічнай абстаноўкі пачалі падаць заробкі, а пасля – жнівеньскія падзеі. З забастоўкамі ў нас не выйшла, хаця людзей падштурхнула да таго, каб збірацца і дзеяць разам, людзі сябравалі. Калі мы раней нават не ведалі, з кім працуем на адным участку, цяпер людзі семʼямі сябруюць. Усё гэта вельмі згуртавала людзей. Для мяне знакавае, што я не адзін, а нас сапраўды большасць. Менавіта ў гэтым годзе беларусы зарадзіліся як нацыя. Шкадую, што быў вымушаны зʼехаць. Калі б была магчымасць паўтарыць кожны крок, я б яго паўтарыў. Пажаданне, думаю, ува ўсіх адно. Квіток у Гаагу для адной асобы.

Аляксей Дзікавіцкі

Намеснік дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі падчас канферэнцыі ў Кіеве.
Фота: Белсат

Мінулы год быў, хіба, найбольш цяжкі ў гісторыі «Белсату», хаця і раней беларускія ўлады не надта распешчвалі нашае тэлебачанне. Калегаў у Беларусі затрымлівалі, штрафавалі (мы заплацілі штрафаў за працу без акрэдытацыі на суму каля 130 тысяч долараў), канфіскоўвалі тэхніку, часам садзілі на содні. Аднак жа сёлета рэпрэсіі супраць «Белсату», але не толькі, сталі рэкорднымі.

Нашыя супрацоўнікі ўсе разам толькі ад часу выбараў адседзелі ў арыштах амаль год (!), а дзве нашыя каляжанкі, Каця Андрэева і Даша Чульцова, застануцца ў турме прынамсі да 20 студзеня, бо іх (і яшчэ трох нашых калегаў) зрабілі падазраванымі ў крымінальнай справе. Адначасова мы можам ганарыцца тым, як асвятлялі перадвыбарчую кампанію, так званыя выбары ды пратэсты па ўсёй краіне. Сотні гадзінаў прамых эфіраў, рэпартажы з месца падзеяў, жывыя ўключэнні, хуткае развіццё сацыяльных сетак, неперарваная вытворчасць праграмаў – гэта ўсё, што ў нас атрымалася зрабіць, нягледзячы на ўсе магчымыя перашкоды. Натуральна, што за ўсё гэта дзясяткі нашых калегаў заплацілі цаной здароўя, зняволення, пераследу, а некаторыя нават і вымушанымі ўцёкамі з Беларусі.

Дар’я Чульцова працуе аператаркай на адным з жаночых маршаў.
Фота: ІА / Белсат

Я вельмі спадзяюся і жадаю гэтага ўсім нашым гледачам і чытачам, каб у 2021 годзе кожны адчуў водар і смак сапраўднай свабоды. Каб нас не білі і не кідалі за краты толькі за спробы выказаць голас нязгоды з тыраніяй і патрабаванне справядлівасці. Каб кожны беларус быў гаспадаром у сваёй краіне. Ведаў, што ягоны голас, каля выбарчай скрыні ці на вуліцы, мае значэнне. Каб мы мелі ў сваёй краіне моцныя незалежныя СМІ, а дзяржаўныя медыі працавалі сумленна, а не займаліся прапагандай.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў