Герман Грэф спадзяецца, што Беларусі ўсё ж дазволяць купіць украінскі «Сбербанк»


Старшыня праўлення расейскага «Сбербанку» Герман Грэф публічна падтрымаў здзелку па куплі сваёй украінскай філіі беларускім «Парытэтбанкам».

«Парытэтбанк» у адпаведнасці са ўсімі патрабаваннямі ўкраінскага рэгулятара прадставіў удакладненую заяўку. Мы вельмі спадзяемся, што цяпер атрымаем пазітыўны адказ і зможам прадаць беларускаму банку наш даччыны банк ва Украіне», – заявіў у інтэрв’ю «Беларусь-1» Герман Грэф, які на мінулым тыдні сустрэўся ў Менску з Аляксандра Лукашэнкам.

«Сбербанк» (Украіна) належыць расейскаму «Сбербанку» і ўваходзіць у топ-7 украінскіх банкаў. Размовы аб яго продажы актывізаваліся пасля ўвядзення ўкраінскім урадам санкцыяў, якія, у прыватнасці, забараняюць расейскаму банку праводзіць аперацыі на карысць матчыных структураў. Фінансавыя аналітыкі адзначаюць, што памеры «Парытэтбанку» і «Сбербанку» непараўнальны – украінскі банк прыкладна ў 3 раза буйнейшы за беларускі паводле ўласнага капіталу і ў 7,5 паводле актываў. Таму хутчэй за ўсё, мяркуюць эксперты, здзелку прафінансуе менавіта расейскі «Сбербанк», які хоча вярнуць сродкі, якія раней укладаў у сваю ўкраінскую філію (каля 1 млрд. USD). З улікам санкцыяў без беларускага пасярэдніцтва гэта будзе зрабіць немагчыма.

Вясною беларускі «Парытэтбанк» (15-й банк у Беларусі па памерах актываў), які да нядаўняга часу належыў Кіраўніцтву справамі прэзідэнта, ужо спрабаваў набыць украінскі «Сбербанк». У сакавіку паведамлялася, што «Парытэтбанк» нават застаўся адзіным прэтэндэнтам на гэты актыў, аднак здзелка сарвалася – Нацбанк Украіны адмовіў беларусам нібыта ў сувязі з неадпаведнасцю заяўніка патрабаванням заканадаўства Украіны.

У чым канкрэтна была неадпаведнасць – не ўдакладнялася. Але паводле расейскага выдання «Коммерсант» адзінай праблемай у здзелцы магла стаць фігура кіраўніка справаў прэзідэнта Віктара Шэймана, які застаецца пад санкцыямі Захаду праз падазрэнне ў датычнасці да выкраданняў і забойстваў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага.

У канцы траўня 2018 гадоў ў «Парытэтбанку» змяніўся ўласнік – 99,83% акцый банка, якімі раней валодала Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, перайшлі Дзяржаўнаму камітэту па маёмасці. Пасля гэтага «Парытэтбанк» зноў падаў заяўку на куплю ўкраінскага «Сбербанку».

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў