Генсека АДКБ, які служыў у Беларусі, хочуць арыштаваць за спробу перавароту ў Арменіі


Юрый Хачатураў, фота panorama.am

Кіраўнік міжнароднай ваеннай арганізацыі, у якую ўваходзіць Беларусь, планаваў дзяржаўны пераварот у Арменіі, гаворыцца ў паведамленні следчых органаў гэтай краіны.

Спецыяльная следчая група Арменіі патрабуе арыштаваць генерал-палкоўніка Юрыя Хачатурава.

Хачатураў абвінавачваецца па справе аб масавых закалотах у сталіцы Арменіі 1-2 сакавіка 2008 года, у выніку якіх загінулі 10 чалавек, паведаміў сёння сайт Спецыяльнай следчай камісіі http://www.ccc.am/hy/1428493746/3/5928

У 2008 годзе ў Ерэване адбываліся масавыя акцыі пратэсту прыхільнікаў апазіцыі, якія патрабавалі пераліку галасоў пасля прэзідэнцкіх выбараў. Мітынгі пераўтварыліся ў хваляванні, якія былі ліквідаваныя войскамі і паліцыяй.

Мітынг 1 сакавіка 2008 года. Фота wikipedia.org

У пачатку 2008 года Хачатураў кіраваў ерэванскім гарнізонам Узброеных Сіл Арменіі і кіраваў разгонам дэманстрантаў. На пасаду генеральнага сакратара Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы ён быў прызначаны ад Арменіі ў 2017 годзе.

У 1989-1992 гадах Хачатураў служыў на тэрыторыі Беларусі камандзірам артылерыйскай брыгады, аднак быў адпраўлены ў Арменію, дзе стаў армянскім вайскоўцам і ваяваў супраць Азербайджана.

У траўні 2018 года ў выніку масавых акцый пратэсту супраць ураду (так званай «армянскай Аксамітнай рэвалюцыі») прэм’ер-міністрам Арменіі стаў Нікол Пашынян.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары