Генпракурор заклікаў змагацца з шумнымі суседзямі


На паседжанні Савету бяспекі Беларусі Аляксандр Канюк звярнуў увагу на праблему бытавога хуліганства. Паводле генпракурора, трэба займацца не толькі цяжкімі злачынствамі, але і дробнымі канфліктамі, напрыклад, шумнымі суседзяў.

Канюк падкрэсліў, што шмат якія грамадзяне наракаюць на хуліганскія паводзіны суседзяў, і можна зразумець, «калі вяселле ці хрэсьбіны, але калі пастаянны шум, п’янства, курэнне з боку суседзяў прычыняюць шмат нязручнасцяў і перашкаджаюць жыць добрапрыстойным грамадзянам, з гэтым трэба змагацца».

«Мы кажам пра тое, што трэба змагацца з гвалтам у сямʼі, злачынствамі, забойствамі. Гэта так. Але і гэтыя на першы погляд дробныя пытанні, калі суседзі паводзяць сябе шумна, перашкаджаюць людзям жыць, – сурʼёзная тэма. Калі ўначы чалавек не паспіць, то і аб працы не будзе думаць», – лічыць Канюк.

Ён падкрэсліў, што «пэўныя меры па рашэнні гэтай праблемы ўжо выпрацаваныя», але трэба дамагчыся іх ужывання на практыцы.

З курэннем у Беларусі збіраліся змагацца з дапамогаю антытытунёвага дэкрэту, згодна з якім мелі забараніць курыць на гаўбцах дамоў. Дэкрэт вынеслі на грамадскае абмеркаванне яшчэ ў 2015 годзе, але змены так і не прынялі. Цяпер у Беларусі кураць 30% дарослага насельніцтва краіны.

Паводле беларускага заканадаўства, шумныя суседзі ў юрысдыкцыі ЖЭСу, а не міліцыі. Выклікаць нарад можна толькі ад 18:00 да 9:00. У працоўны час трэба звяртацца з заявай у ЖЭС. Супрацоўнікі міліцыі могуць зафіксаваць факт шуму альбо прыняць заяву і пераслаць яе ў ЖЭС. Менчука Андрэя Гаўроша, у якога летась у навагоднюю ноч страляў міліцыянт, асудзілі на 5 гадоў «хатняй хіміі». Суседзі выклікалі міліцыянтаў праз шум.

ДР belsat.eu

 

Стужка навінаў