Генпракурор прыгразіў: вінаватым у праявах карупцыі паблажлівасці не будзе


Генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк выступіў з папярэджаннем да карупцыянераў падчас пазачарговага паседжання ў Гарадзенскім аблвыканкаме. Тыдзень таму аналагічнае паседжанне прайшло ў Магілёўскай вобласці.

Нягледзячы на пільную ўвагу сілавікоў да карупцыі, сёлета, напрыклад, на Меншчыне, цягам першай паловы года колькасць карупцыйных правапарушэнняў вырасла ажно ў пяць разоў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага году. Паседжанні і папярэджанні Генпракуратуры пакуль справы не вырашаюць.

На думку Генпракурора, памежнае становішча Гарадзеншчыны і вызначае карупцыйныя рызыкі. Тут галоўным чынам выкрываюцца факты перамяшчэння тавараў праз дзяржаўную мяжу па-за пунктамі пропуску, незаконная міграцыя, хабарніцтва службовым асобам памежнага і мытнага камітэтаў.

«Тыповым стаў пропуск праз мяжу за ўзнагароджанне тых, хто займаецца незаконным перамяшчэннем тавараў, асабліва тытунёвых вырабаў», – удакладніў генпракурор.

Аляксандр Канюк адзначыў таксама найбольшую распаўсюджанасць у рэгіёне карупцыйных фактаў:

  • выкарыстанне транспартных сродкаў i іншай дзяржаўнай маёмасці ў пазаслужбовых мэтах;
  • прыцягненне кіраўнікамі падначаленых працаўнікоў да выканання работ у асабістых інтарэсах;
  • неабгрунтаваныя выплаты надбавак, прэміяў і іншых узнагародаў кіраўнікам дзяржпрадпрыемстваў;
  • парушэнні мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі заканадаўства пры будаўніцтве і размеркаванні жылля, вылучэнні зямельных участкаў для будаўніцтва.

У якасці прыкладу карупцыйных праяваў пракурор прывёў Астравецкі раён, дзе былы старшыня райвыканкаму незаконна прадаў жылы дом, прыняў на працу сваіх блізкіх без неабходнай падрыхтоўкі, адукацыі і стажу працоўнай дзейнасці.

«Паводле гэтых фактах праводзіцца правяранне. Пракурору вобласці неабходна забяспечыць прыцягненне вінаватых да адказнасці і адмену незаконнага рашэння аб продажы жылля», – паведаміў і даручыў генпракурор.

У Беларусі – новая хваля барацьбы з карупцыяй

СК, belsat.eu

 

 

Глядзі таксама
Каментары