Генпракурор Андрэй Швед анансаваў узмацненне рэпрэсіўных захадаў


Аляксандр Лукашэнка 4 студзеня сустрэўся з генеральным пракурорам Андрэем Шведам. Чыноўнікі абмеркавалі змены ў заканадаўстве і пераслед удзельнікаў пратэстаў.

Швед распавёў, што паведаміў Лукашэнку пра вынікі пераследу ўсіх удзельнікаў «масавых закалотаў» – менавіта так улады называюць мірныя пратэсты.

«У 2021 годзе інтэнсіўнасць вышуку гэтых асобаў будзе толькі ўзмоцненая. Кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача, каб ні адна асоба, якая замахнуліся на грамадскі парадак, падняла руку на праваахоўнікаў, не сышла ад строгай адказнасці», – цытуе генпракурора БелТА.

На даручэнне Лукашэнкі, дадзенае ў верасні 2020 года, Генеральная пракуратура распрацавала прапановы для змянення заканадаўства. Адказнасць за парушэнне грамадскай бяспекі плануецца зрабіць больш жорсткаю.

«Гаворка ішла аб пашырэнні паўнамоцтваў пракурораў. У першую чаргу, у працэсуальным аспекце, у тым ліку ў сувязі з падтрыманнем дзяржабвінавачання. Папярэдне прапановы дакладзеныя прэзідэнту Беларусі, і дадзенае даручэнне ўнесці ў гэтым годзе адпаведныя прапановы, – распавёў Андрэй Швед. – Акрамя таго, Генеральная пракуратура падрыхтавала блок прапановаў, звязаных з узмацненнем адказнасці за экстрэмізм і парушэнне грамадскага парадку. І ў гэтай частцы таксама дадзенае даручэнне прэзідэнта Беларусі сёлета ўнесці адпаведныя прапановы».

Пад парушэннем грамадскага парадку Швед відавочна мае на ўвазе несанкцыянаваныя акцыі пратэсту. Арт. 293 («Масавыя закалоты») і арт. 342 («Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») – гэта артыкулы, паводле якіх часцей за ўсё пераследуюць удзельнікаў мірных акцыяў пратэсту. Агулам, паводле праваабаронцаў, за апошнія сем месяцаў у Беларусі распачалі больш за 900 крымінальных справаў у сувязі з пратэстамі – супраць удзельнікаў прэзідэнцкай гонкі, актывістаў штабаў, мірных дэманстрантаў і журналістаў.

Папраўкі ў заканадаўства, са словаў Шведа, будуць датычыць не толькі ўзмацнення адказнасці за экстрэмізм, а наагул «усяго блоку заканадаўства, які тым ці іншым чынам будзе забяспечваць стабільнасць і грамадскую бяспеку ў нашай краіне». У прыватнасці, Генпракуратура прапаноўвае канкрэтызаваць пэўныя дзеянні ды іх кваліфікацыю ў якасці экстрэмізму.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў