Генпракуратура: затрыманую беларуску з базы Інтэрпола падазраюць у набыцці марыхуаны


34-гадовую жанчыну абвясцілі ў міжнародны вышук паўгода таму, а затрымалі 27 студзеня ў пункце пропуску «Новыя Ярылавічы» на беларуска-украінскай мяжы. Вырашаецца пытанне аб экстрадыцыі беларускі з Украіны на радзіму, паведамляе TUT.BY.

Пра тое, што жанчына затрыманая, паведамілі ўкраінскія пагранічнікі. Гаворка ідзе пра 34-гадовую жыхарку Гомлю.

Як паведамілі ў Генпракуратуры, у траўні 2016 года жанчына набыла для сябе не менш як 1,3 грама асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва – марыхуаны, на наступны дзень была затрыманая. У дачыненні да яе праваахоўныя органы распачалі крымінальную справу па ч.1 арт. 328 КК «Незаконны абарот наркатычных сродкаў».

Крымінальная справа была перададзена ў суд, але падазраваная збегла. 1 жніўня 2017 года яна была абвешчаная ў міжнародны вышук па лініі Інтэрпола.

Цяпер украінскія праваахоўныя органы правяраюць: ёсць перспектыва выдачы жанчыны ці не. Справа ў тым, што за адно і тое ж злачынства ў розных краінах прадугледжана розныя пакаранні. Напрыклад, у Беларусі чалавеку можа пагражаць крымінальная адказнасць, а ў суседняй краіне – толькі адміністратыўная. У гэтым выпадку краіна, якая затрымала чалавека, можа адмовіць у яго выдачы.

Санкцыя артыкула, якую ставяць у віну жыхарцы Гомлю, прадугледжвае абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў