Генпракуратура: затрыманне Бабарыкі – законнае


На старонцы Генпракуратуры з’явілася абвестка, што законнасць затрымання Віктара Бабарыкі праверана пракуратураю і пацверджаная пастанаўленнем суду Цэнтральнага раёну Менску.

У Генеральную пракуратуру Беларусі паступіла мноства зваротаў ад грамадзянаў наконт крымінальнай справы, якая вядзецца ў дачыненне да Віктара Бабарыкі.

Віктар Бабарыка.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Інфармуем, што законнасць ягонага затрымання праверана пракуратураю і пацверджаная пастанаўленнем суду Цэнтральнага раёну Менску ад 24 чэрвеня 2020 года», – гаворыцца на старонцы ведамства.

У абвестцы нагадваюць, што дзеянні органа, які вядзе крымінальную справу, могуць быць абскарджаныя, калі працэсуальныя дзеянні закранаюць іхныя інтарэсы. Аднак заяву можна накіраваць толькі вусна або пісьмова.

«Паведамляем, звярнуўшыся ў Генеральную пракуратуру па абазначанай тэме, што абскарджанне дзеянняў і рашэнняў асобамі, якія не надзеленыя адпаведным правам, цягне за сабою пакіданне зваротаў без разгляду па сутнасць», – падкрэсліваецца на старонцы Генпракуратуры.

Віктар Бабарыка разам са сваім сынам Эдуардам быў затрыманы 18 чэрвеня. Вядома, што ён зʼяўляецца фігурантам крымінальнай справы, аднак артыкул і абвінавачванне адвакаты не могуць агалошваць.

Зараз ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў