Генпракуратура завяла крымінальныя справы на сябраў Каардынацыйнай рады па пагрозе захопу ўлады


Генпракуратура завяла крымінальныя справы па фактах стварэння экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва ім, фінансавання яго дзейнасці з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, – паведамляе прэс-служба Генпракуратуры.

Прэсавая канферэнцыя Каардынацыйнага савету. Менск, Беларусь. 24 жніўня 2020 г.
Фота: Света Фар / belsat.eu

Падчас расследавання Следчым камітэтам крымінальнай справы па ч.3 арт.361 Крымінальнага кодэксу (Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) ў дачыненні да членаў Каардынацыйнай рады, прыняла рашэнне аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай, Максіма Знака, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага і іншых асоб па факце стварэння экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва ім.

Пры гэтым у дачыненні да аднаго з заснавальнікаў фонду дапамогі для пацярпелых BY_help Аляксея Лявончыка распачата крымінальная справа ў сувязі з фінансаваннем дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання па арт.361−2 Крымінальнага кодэксу.

Аляксей Лявончык.
Фота: уласны архіў

Акрамя таго, па даручэнню Генеральнай пракуратуры Следчы камітэт пачаў крымінальную справу ў дачыненні да членаў Каардынацыйнай рады і іншых асоб па ч.1 арт.357 Крымінальнага кодэксу – змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам.

Як паведамляе Генпракуратура, па кожнаму факту аказання садзейнічання экстрэмісцкаму фарміраванню, якое кіруецца Святланай Ціханоўскай, Марыяй Калеснікавай, Максімам Знакам, Паўлам Латушкай, Вольгай Кавальковай, Сяргеям Дылеўскім і іншымі асобамі, з боку грамадзян Рэспублікі Беларусь, асоб без грамадзянства, замежных грамадзян, уключаючы службовых асоб, будзе дадзена прынцыповая прававая ацэнка.

Для арганізацыі папярэдняга расследавання крымінальныя справы перададзеныя ў цэнтральны апарат Следчага камітэта.

АД / belsat.eu

Стужка навінаў