Генпракуратура лічыць «палітычнай» справу беларуса, абвінавачанага ў шпіянажы ва Украіне


Генеральная пракуратура Беларусі лічыць, што крымінальная справа супраць беларуса, затрыманага за шпіянаж на Украіне, мае палітычны падтэкст. У ведамства ўзніклі «абгрунтаваныя сумневы ў наяўнасці прыкметаў шпіянажу ў дзеяннях затрыманага».

З пункту гледжання ўкраінскіх праваахоўнікаў, затрыманы беларус, дзейнічаючы ў інтарэсах трэцяга боку, збіраў на тэрыторыі Украіны звесткі аб правядзенні антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе, якія складаюць дзяржаўную таямніцу. Атрыманую інфармацыю ён зашыфраваў і захоўваў на карце памяці свайго мабільнага тэлефона.

Як паведамілі TUT.by у Генпракуратуры, ведамства адмовіла ў аказанні прававой дапамогі СБУ, паколькі паўсталі «абгрунтаваныя сумневы» ў наяўнасці прыкмет шпіянажу ў дзеяннях затрыманага беларуса.

«У прыватнасці, была атрымана дадатковая інфармацыя, згодна з якой файл з дадзенымі быў загружаны ў тэлефон не самім затрыманым, а яго ўкраінскім таварышам, якія дзейнічалі пад кантролем Службы бяспекі Украіны. Вялікія сумневы выклікала і выснова украінскага боку аб сакрэтнасці гэтай інфармацыі», – паведамляюць у Генпракуратуры.

Акрамя таго, падчас час размовы з супрацоўнікам консульскай установы Беларусі ва Украіне затрыманы паведаміў пра факты прымянення да яго недазволеных метадаў следства ў выглядзе актыўнага псіхаэмацыйнага ўздзеяння, катаванняў, пагроз і шантажу.

«Сукупнасць выкладзеных фактаў дазволіла прыйсці да высновы аб тым, што гэтая крымінальная справа мае палітычны падтэкст», – кажуць у Генпракуратуры.

Генпракурорам Беларусі быў накіраваны ліст у адрас генпракурора Украіны аб арганізацыі праверкі законнасці затрымання грамадзяніна Беларусі.

«Асобна акцэнтавана ўвага генеральнага пракурора Украіны на ўжыванні да затрыманага недазволеных метадаў следства, у тым ліку катаванняў і зневажанняў», – кажуць у Генпракуратуры.

Між тым, Генпракуратура Украіны прыйшла да высновы аб абгрунтаванасці затрымання і абвінавачвання ў шпіянажы.

Пры гэтым на падставе інфармацыі аб прымянення да затрыманага недазволеных метадаў следства вайсковай пракуратурай Чарнігаўскага гарнізона 2017/10/27 пачата дасудовае расследаванне па прыкметах злачынстваў, прадугледжаных ч. 2 арт. 365 КК Украіны (перавышэнне службовых паўнамоцтваў) і ч. 2 арт. 127 КК Украіны (катаванні, учыненыя па папярэдняй змове групай асобаў). Вынікі праверкі яшчэ не вядомыя.

«Калі ў дачыненні да затрыманага сапраўды ўжываліся недазволеныя метады расследавання, то ён мог агаварыць сябе, даць тыя паказанні, якія былі патрэбныя асобам, якія арганізавалі гэтую акцыю», – гаворыцца ў каментары Генпракуратуры.

Нагадаем, учора TUT.by апублікаваў заяву грамадзяніна Беларусі, якога ў чэрвені затрымалі ва Украіне па падазрэнні ў шпіянажы, запэўнівае, што ўсе паказанні даваў пад катаваннямі, ніколі не працаваў на беларускі КДБ, не збіраў сакрэтныя звесткі для Расеі.

 

КА, belsat.eu

Стужка навінаў