Генпракуратура ізноў апратэставала апраўдальны прысуд галоўнаму інжынеру МЗКЦ


30 ліпеня стала вядома, што кропка ў справе Андрэя Галавача не пастаўленая. Былы галоўны інжынер МЗКЦ выйшаў на волю 11 дзён таму, суд апраўдаў яго пасля 50 месяцаў знаходжання ў СІЗА. Але намеснік генеральнага пракурора прынёс апеляцыйны пратэст у Менскі гарадскі суд, піша TUT.by

Такім чынам наперадзе ў галоўнага інжынера МЗКЦ новае судовае разбіральніцтва.

«Намеснік генеральнага пракурора прынёс апеляцыйны пратэст у Менскі гарадскі суд на прысуд галоўнаму інжынеру МЗКЦ. Пастаўлена пытанне аб адмене апраўдальнага прысуду і накіраванне справы на новае судовае разбіральніцтва. Прычына: неадпаведнасць высноваў суда з фактычнымі абставінамі справы», – паведаміў TUT.BY Дзмітрый Брылёў, афіцыйны прадстаўнік Генеральнай пракуратуры.

19 ліпеня суд Першамайскага раёну Мінску вынес апраўдальны прысуд галоўнаму інжынеру МЗКЦ Андрэю Галавачу. Ён быў выпушчаны з-пад варты прама ў зале суда.

«Правасуддзе павінна быць, і цяпер можна верыць, што яно ёсць», – сказаў Андрэй Галавач пасля вынесенага прысуду.

У бакоў было 10 дзён, каб абскардзіць апраўдальны прысуд, калі б гэтым правам ніхто не скарыстаўся, прысуд уступіў бы ў законную сілу. Пасля пратэсту намесніка генеральнага пракурора відавочна: наперадзе ў Андрэя Галавача чарговае судовае разбіральніцтва, кропка ў яго справе не пастаўленая.

Справа, што цягнецца 4 гады

Андрэя Галавача затрымалі ў траўні 2015 года і больш за чатыры гады ён правёў у СІЗА. За гэты час суд чатыры разы выносіў апраўдальныя прысуды. Аднак інжынер да 19 ліпеня бягучага году заставаўся за кратамі. Па першай крымінальнай справе, паводле якой галоўнага інжынера МЗКЦ абвінавачвалі ў атрыманні хабараў, ён быў апраўданы. Праз 15 хвілінаў з’явілася ўжо новая крымінальная справа, Галавача затрымалі проста ў будынку суда.

На гэты раз зноў фігураваў хабар. Але сведкі па яго справе не зʼявіліся на працэсе. Справа ў выніку дайшла да Вярхоўнага суда, апеляцыйную скаргу пракуратуры пакінулі без задавальнення, першы апраўдальны прысуд ужо ўступіў у законную сілу, і па ім у Андрэя Галавача ёсць права патрабаваць кампенсацыю.

Бязвінна адседзеў у СІЗА 51 месяц – суд апраўдаў Андрэя Галавача

СК belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары