Генпракуратура хоча ўвесці пакаранне для шумных суседзяў


Генеральная пракуратура ініцыюе ўвядзенне адміністратыўнай адказнасці за хуліганскія дзеянні, «якія парушаюць спакой грамадзянаў па месцы жыхарства».

Пры гэтым мяркуецца, што пры нявысветленні парушальніка грамадскага парадку адказнасць будзе класціся на ўласніка (наймальніка) жылога памяшкання, з прадастаўленнем права на складанне пратаколаў міліцыі.

«Выніковасць працы па папярэджанні «хатняга хуліганства» бачыцца і ў заканадаўчым замацаванні за органамі ўнутраных справаў паўнамоцтваў на вядзенне адміністрацыйнага працэсу па такіх фактах», – гаворыцца ў паведамленні на сайце Генпракуратуры.

Сёння міліцыянты маюць права толькі зафіксаваць факт парушэння правілаў карыстання жыллём, але гэтыя матэрыялы яны накіроўваюць у камунальныя службы. У пракуратуры адзначаюць, што такі парадак рэагавання на «шумных суседзяў» неэфектыўны:

«Паколькі факты бытавога хуліганства, як правіла, адбываюцца ў начны час, грамадзяне звяртаюцца па дапамогу ў органы ўнутраных справаў. Іх супрацоўнікі выбываюць на месцы, высвятляюць абставіны парушэнняў. Атрыманыя ў ходзе праверкі матэрыялы аб парушэнні правілаў карыстання жылымі памяшканнямі накіроўваюцца для разгляду ў эксплуатацыйныя арганізацыі, дзе застаюцца без належнага рэагавання».

У паведамленні Генпракуратуры не ўдакладняецца, ці ідзе гаворка аб новым артыкуле КоАП або аб дапаўненні існых. Праўда, раней прадстаўнікі ведамства казалі аб магчымым дапаўнення арт. 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях часткай аб дробным хуліганстве ў побыце.

Генпракуратура не ў першы раз звяртае ўвагу на праблему шумных суседзяў.

«Мы кажам пра тое, што трэба змагацца з гвалтам у сям’і, злачынствамі, забойствамі. Гэта так. Але і гэтыя пытанні, што ўяўляюцца на першы погляд дробнымі, калі суседзі паводзяць сябе шумна, перашкаджаюць людзям жыць, – сурʼёзная тэма. Калі ўначы чалавек не паспіць, то і пра працу не будзе думаць», – заяўляў сёлета ў лютым генеральны пракурор Аляксандр Канюк.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў