Генпракуратура будзе прыцягваць да крымінальнай адказнасці парушальнікаў правіл пажарнай бяспекі


Генеральны пракурор Аляксандр Канюк заявіў, што ягонае ведамства трымае на кантролі сітуацыю з ляснымі пажарамі ў Беларусі, піша БелТА.

У дачыненні да парушальнікаў супрацьпажарных нормаў могуць быць распачатыя крымінальныя справы. Па якім артыкуле Крымінальнага кодэксу – Канюк не ўдакладніў.

Сёння раніцай удалося ліквідаваць пажар на тэрыторыі Палескага лясгасу каля вёскі Альманы Столінскага раёну Берасцейскай вобласці, які працягваўся некалькі дзён. За 26 красавіка верталёты Мі-8 авіяцыі МНС 77 разоў скідвалі ваду на тэрыторыю, дзе адбылося ўзгаранне.

Усяго за мінулыя содні ліквідаваныя восем лясных пажараў на агульнай плошчы 8 га, 14 тарфяных (4 га) і 25 пажараў травы і кустоў (13 га). У 117 раёнах краіны ўведзеныя забароны і абмежаванні на наведванне лясоў.

Такая сітуацыя склалася праз анамальна высокую для канца красавіка тэмпературу паветра: учора быў пабіты рэкорд 26-гадовай даўніны. У Гомлі паветра прагрэлася да 27 градусаў цяпла.

КА belsat.eu

Стужка навінаў