Генпракуратура абяцае прыцягнуць да адказнасці тых, хто не працаваў 16 верасня


Генеральная пракуратура пагражае прыцягнуць да адказнасці тыя фірмы і ўстановы, якія на знак салідарнасці з пратэстным рухам 16 верасня адмовіліся ад працы.

Нагадаем, у Беларусі 16 верасня некаторыя кампаніі (пераважна ў Менску) прыпынілі сваю працу ў знак салідарнасці з пратэстным рухам. Сярод іх – кавярні, бары, крамы адзення, друкаваныя цэнтры, турфірмы, фотастудыі і нават IT-кампанія. Колькі фірмаў і ўстановаў далучыліся да акцыі дагэтуль невядома.

17 верасня Генпракуратура выступіла з адмысловай заявай наконт страйку салідарнасці:

«Учора ў асобных мэсэнджарах з’явіліся паведамленні аб правядзенні ў краіне агульнанацыянальнай акцыі салідарнасці. У іх канстатавалася, што многія кампаніі абвясцілі 16 верасня непрацоўным днём. Відавочна, што лакаматывы нацыянальнай эканомікі падобным правакацыйным укідам ніколі не паддаваліся і не схільныя цяпер. Фактычна ўдзельнікамі акцыі сталі некалькі кавярняў, дробных крамаў і студыяў у Менску. Пры гэтым, баючыся адказнасці, многія абвясцілі дадзены дзень «санітарным». Ва ўсіх іншых рэгіёнах краіны арганізацыі гандлю і аказання паслуг працавалі ў звычайным рэжыме».

Аднак, паводле прэс-рэлізу, пракуроры вырашылі адрэагаваць «на заклікі да парушэння нармальнай дзейнасці прадпрыемстваў і правоў грамадзянаў на атрыманне паслугаў». Генпракуратура пры гэтым не патлумачыла, якія законы парушылі «некалькі кавярняў, дробных крамаў і студыяў», якія вырашылі не працаваць 16 верасня.

«Аблвыканкамам і Менскаму гарвыканкаму даручана ўзмацніць кантроль за выкананнем суб’ектамі гаспадарання парадку працы, прадастаўлення паслугаў, а таксама правоў наёмных працаўнікоў. Пры выяўленні парушэнняў вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці».

Стужка навінаў