Генералы Вакульчык і Церцель пайшлі на павышэнне


3 верасня кіраўнік краіны агучыў шэраг кадравых зменаў, паведамляе БелТА.

Новым кіраўніком Рады бяспекі прызначаны былы кіраўнік КДБ Валер Вакульчык, Іван Церцель, былы старшыня КДК, прызначаны кіраўніком Камітэту дзяржбяспекі. Выконваць абавязкі кіраўніка Камітэту дзяржаўнага кантролю будзе Васіль Герасімаў.

Былы старшыня КДБ Валер Вакульчык і дырэктар Службы нацыянальнай бяспекі Арменіі Георгій Кутоян. 19 снежня 2017 г., Масква.
Фота: Vyacheslav Prokofyev / TASS / Forum

Кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка пры прызначэнні Валерыя Вакульчыка ахарактарызаваў яго так:

«Вельмі надзейны, адданы дзяржаве і народу чалавек, выканаўчы, прыстойны. Я ніколі не бачыў за гэтыя гады, каб ён лінію дзесьці скрывіў і ва ўгоду чагосьці зрабіў. У нас была жорсткая дамоўленасць: мы, усе, хто сядзіць тут, з простых сем’яў, таму ні ў якім выпадку не павінны пакрыўдзіць людзей. Мы павінны ўсё рабіць для народа», – перадае БелТА.

Вайсковы аглядальнік Ягор Лебядок пракаментаваў «Белсату» перастаноўкі ў сілавых структурах:

«На маю думку, тут нічога надзвычайнага няма. Тут хутчэй Раўкоў [Андрэй Раўкоў – былы старшыня Рады бяспекі, быў прызначаны 20 студзеня 2020, адпраўлены ў адстаўку 3 верасня 2020 г – belsat.eu] не зразумела чаму раней быў прызначаны сакратаром Рады бяспекі, бо шмат хто думаў, што будзе Вакульчык. Вось зараз яго і паставілі. А што датычыцца Церцеля, то так, ён добра адпрацаваў па Бабарыку, сам з КДБ, былы намеснік, лагічна, што яго і паставілі на пасаду кіраўніка Камітэту дзяржаўнай бяспекі. Зараз пішуць, што нейкія ваганні пайшлі ў сілавікоў ці нешта падобнае. Але прызначэнні з гэтым ніяк не звязаныя. Такая кадравая руціна».

Уладзімір Кухараў, які займаў пасаду віцэ-прэмʼера прызначаны старшынём Менгарвыканкаму. У сваю чаргу Анатоль Сівак, які ўзначальваў Менгарвыканкам, перайшоў на працу ва ўрад і заняў пасаду віцэ-прэмʼера.

belsat.eu

Стужка навінаў