Генеральным дырэктарам «Дынама-Берасце» прызначылі былога працаўніка СК


Чэмпіён Беларусі ў сезоне 2019 года «Дынама-Берасце» абвесціў пра назначэнне Сяргея Вараб’ёва генеральным дырэктарам футбольнага клубу. Пра гэта паведамляе сайт «Дынама-Берасце».

Паводле прэс-рэлізу футбольнага клубу, Сяргей Вараб’ёў мае юрыдычную адукацыю. Таксама ён скончыў Акадэмію кіравання пры прэзідэнце па эканамічнай спецыяльнасці. Да 2014 году знаходзіўся на дзяржаўнай службе, потым займаў кіраўныя пасады ў юрыдычных фірмах. У структуру клубу «Дынама-Берасце» Вараб’ёў прыйшоў летась, працаваў памочнікам генеральнага дырэктара.

Паводле TUT.by, Вараб’ёў да 2014 года працаваў у Следчым камітэце. Займаў пасаду начальніка галоўнага ўпраўлення па расследаванню злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі СК. Расследаваў шэраг рэзанансных справаў.

Некалькі гадоў таму старшынёй назіральнай рады клубу прызначылі былога намесніка старшыні СК Сяргея Буйноўскага.

Афіцыйна ўласнікам ФК «Дынама-Берасце» з’яўляецца прадпрыемства свабоднай эканамічнай зоны ААЭ Sohra Overseas – яны маюць 76% у статутным фондзе. Гэтая кампанія падкантрольная алігарху Аляксандру Зайцаву. Зайцава лічаць асобай набліжанай да Віктара Лукашэнкі. Алігарх і старэйшы сын кіраўніка дзяржавы разам наведвалі футбол, пра іх блізкія стасункі казаў трэнер «Дынама-Берасце» Марцэл Лічка.

Hавiны
Чэшскі трэнер распавёў пра бізнес-сувязі Віктара Лукашэнкі
2020.01.02 11:42

КА belsat.eu

Стужка навінаў