«Генеральны жаночы марш» і «Марш маладосці» прайшлі ў Менску


Жаночая калона, узброеная кветкамі і ўсмешкамі, рушыла з Усходу сталіцы ў цэнтр. Акцыю назвалі «Генеральны жаночы марш». Патрабаванне – адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, правядзення новых выбараў, вызвалення палітвязняў і расследавання ўсіх актаў гвалту супраць мірных грамадзянаў. Другі – «Марш маладосці» сабраў студэнтаў, якіх у выніку разагналі сілавікі.

Святлана Ціханоўская падтрымала Марш жанчынаў, а таксама Марш маладосці, якія арганізавалі 17 кастрычніка.

«Сёння ў Беларусі адразу два Маршы – і кожны з іх асаблівы. Мужнасць беларускіх жанчынаў ужо ўвайшла ў сусветную гісторыю. Смеласць беларускіх студэнтаў пастаянна натхняе іхных выкладчыкаў, бацькоў і бабуляў з дзядулямі. Жаночая і студэнцкая салідарнасць – гэта вялікая і светлая сіла. Хай сёння ўвесь горад будзе ёю асветлены!»

Ніна Багінская ідзе на жаночы марш 17 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

Вертыкаль Лукашэнкі таксама мела планы на суботу. Дзяржава анансавала аўтапрабег ад Менску да Віцебску «за адзіную Беларусь». А ва ўсіх раёнах Менску гарадскі выканаўчы камітэт запланаваў суботнікі.

На плошчы Перамогі перад пачаткам пратэстаў чакаў бусік з АМАПам і іншы транспарт сілавікоў.

Невядомыя ў цывільным падчас жаночага маршу ў Менску.
Фота: ТК / belsat.eu / Vot Tak TV
Жаночы марш 17 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

15.00 У Менску сілавікі разагналі Марш маладосці. Каля Палацу мастацтваў затрымалі не менш за 15 чалавек.

14.20 Пасля праверкі дакументаў адпусцілі карэспандэнта «РИА-новости» – аднаго з 4-ох затрыманых на гэтую хвіліну журналістаў. На гэтым відэа затрыманне журналісткі Onliner Дар’і Спевак. Сілавікі заломваюць дзяўчыне рукі. Паводле падлікаў медыяў, затрыманыя больш за 10 удзельнікаў студэнцкай акцыі. Жанчын, якія ўжо прыйшлі ў цэнтр сталіцы, пакуль не чапаюць.

14.00 «Глядзі ў вакно, а не ў тэлевізар», – скандуюць удзельніцы «Генеральнага маршу жанчын». Кіроўцы сігналяць на знак салідарнасці.

13.00 Ад МДЛУ ў бок праспекту Незалежнасці распачалі шэсце каля 150 студэнтаў. У раёне вуліцаў Румянцава і Казлова, каля Палацу мастацтва ўдзельнікаў затрымліваюць.

Менск падчас традыцыйнага жаночага маршу. 17 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

ЮЦ Belsat.eu

Стужка навінаў