Генеральны пракурор пракаментаваў «справу медычных функцыянераў»


Генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк заявіў, што 4 крымінальныя справы ў дачыненні 5 фігурантаў «справы медычных функцыянераў» ужо перададзеныя ў суд. Сярод іх – былы намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі.

Шэрагу фігурантаў «справы медычных функцыянераў» змянілі меру стрымання на больш мяккую, распавёў Аляксандр Канюк.

«Як суддзя і ўжо як пракурор ведаю, што існуюць пэўныя рэчы: пакуль не будзе вынесены прысуд, інфармацыю трэба старацца даваць больш карэктна, таму што гэта людзі. Не выключаны апраўдальны прысуд у дачыненні да кагосьці, а мы ўжо дамо інфармацыю. Гэта вельмі непрыемна і чалавеку, і сям’і, – заявіў Канюк, адказваючы на пытанне TUT.by. – Тым не менш, на сёння ў суд паступіла 4 крымінальныя справы ў дачыненні да пяці фігурантаў, у тым ліку намесніка міністра аховы здароўя. Так, сапраўды, шэрагу асобаў мы змянілі меру стрымання з утрымання пад вартай на больш мяккую, але яшчэ вялікая колькасць людзей застаецца (пад вартай)».

Паводле яго слоў, гэта «розныя меры стрымання», у тым ліку хатні арышт. Генеральны пракурор паабяцаў даць канкрэтныя лічбы па абвінавачаным «справы медыкаў» пазней.

  • «Справа медычных функцыянераў» – справа аб карупцыі пра закупах медычнага абсталявання і лекаў. У межах справы вясной-летам 2018 года былі затрыманыя больш за 60 асобаў (у тым ліку 37 чыноўнікаў).
  • Паводле КДБ, хабары даходзілі да $ 350 тыс. за адзін раз. Незаконна атрыманыя грошы пераводзіліся на рахункі фірмаў у Ганконгу, Літве, Латвіі, Расеі і ПАР. Праз карупцыю кошт і лекаў, і абсталявання завышалася на 10-60%, у асобных выпадках на 100%.
  • Сярод арыштаваных – намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі, дырэктар РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Аляксандр Бялецкі, дырэктар Цэнтру экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Аляксандр Сталяроў, дырэктар прадпрыемства «Белмедтэхніка» Аляксандр Шарак, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкаму Андрэй Стрыжак і начальнік вайскова-медычнага ўпраўлення Міністэрства абароны Аляксей Яськоў. Падчас ператрусу ў гаражы Шарака ў тайніку было выяўлена больш за $ 620 тыс. у эквіваленце, у Бялецкага – каля $ 500 тыс.
  • У жніўні ў КДБ заявілі, што частка фігурантаў справы была вызваленая з-пад варты «у сувязі з завяршэннем з шэрагам абвінавачаных асноўных следчых дзеянняў, іх дзейным раскаяннем і супрацай са следствам».

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў