Генеральная пракуратура адмовіла БАЖу у праверцы па факце затрымання журналістаў


Беларуская асацыяцыя журналістаў атрымала адмоўны адказ на свой зварот да Генеральнай пракуратуры, у якім прасіла правесці праверку па шматлікіх фактах затрымання журналістаў падчас асвятлення вулічных акцый у апошні месяц.

Пра адпіску ад Генеральнай пракуратуры паведамляе сайт baj.by.

Марына Папова, начальнік аддзела па нагляду за захаваннем правоў і свабодаў грамадзянаў заявіла грамадскаму абʼяднанню, нібыта БАЖ не мае права прадстаўляць інтарэсы пацярпелых журналістаў.

«З улікам таго, што Вы не зʼяўляецеся асобай, якой ва ўстаноўленым законам парадку дэлегаваны правы на прадстаўніцтва інтарэсаў пералічаных у звароце грамадзянаў, дастатковых падстаў для разгляду Вашага звароту па сутнасці не маецца», – сказана ў адказе, накіраваным Андрэю Бастунцу, старшыні ГА «БАЖ».

Насамрэч, паводле свайго Статуту, ГА «БАЖ» прадстаўляе інтарэсы сваіх сябраў у дзяржаўных установах.

На дадзены момант за асвятленне маршаў недармаедаў па ўсёй краіне затрымана 28 журналістаў, з іх сем асобаў адбываюць адміністрацыйныя арышты :

Аляксандр Баразенка — 15 сутак, аб’явіў галадоўку, Марына Кастылянчанка — 15 сутак, Дзяніс Івашын — 5, Раман Пратасевіч — 10, Канстанцін Мардзвінцаў — 15 сутак, Леанід Свецік — 15 сутак, Арцём Сізінцаў — 10 сутак.

Па тэме : 

ВЧ, belsat.eu паводле baj.by

Стужка навінаў