Гендырэктар БМЗ сыйшоў у адстаўку


Анатоль Савянок пакінуў пасаду гендырэктара Беларускага металургічнага заводу. Пра гэта TUT.BY паведамілі інфармаваныя крыніцы і пацвердзілі на самім прадпрыемстве.

Напярэдадні сваёй адстаўкі Анатоль Савянок накіраваў ліст сваім падначаленым і кліентам і падзякаваў за сумесную працу.

«Разам мы ўвасаблялі ў жыццё амбітныя праекты, вырашалі вельмі складаныя праблемы, радаваліся агульным перамогам. Мы абменьваліся досведам і вучыліся адзін у аднаго. І я ўдзячны за гэтую магчымасць«, – напісаў Савянок.

Аднак, паводле яго словаў, «жыццё рухаецца наперад, ствараюцца новыя перспектывы».

Анатоль Савянок прапрацаваў на жлобінскім заводзе амаль 30 гадоў. У 1989 годзе ён прыйшоў на прадпрыемства на пасаду травільшчыка-гальваніка. Потым быў майстрам, старшым майстрам, намеснікам кіраўніка цэху, начальнікам сталядротавага цэху № 2, дырэктарам па метызнай вытворчасці. З 14 кастрычніка 2009 году – генеральны дырэктар БМЗ.

Варта адзначыць, што Савянок стаў першым беларусам, якога прызначылі начальнікам асноўнага вытворчага цэха на БМЗ, а потым і гендырэктарам прадпрыемства. Да гэтага пасады займалі выхадцы Расеі і Украіны, якія ў перыяд запуску завода прыехалі на працу з прадпрыемстваў гэтых краінаў.

За 2010-2018 гады на БМЗ была праведзена самая маштабная за ўсю гісторыю прадпрыемства мадэрнізацыя. Яе завяршэнне супала з перыядам каласальнага падзення коштаў на сусветным рынку металу, выкліканага масавай перавытворчасцю ў Кітаі. Збалансаванне вытворчасці і нарошчванне выпуску прадукцыі з большым дабаўленым коштам дазволілі прадпрыемству ўтрымацца. Над БМЗ пераважае вялікі пазыковы цяжар.

Аб’ектыў
Жлобінскі БМЗ ідзе на дно
2016.02.26 21:08

СК belsat.eu

Стужка навінаў