Камітэт Генасамблеі ААН ухваліў праект рэзалюцыі па парушэнні правоў чалавека ў Крыме


Трэці камітэт Генеральнай асамблеі ААН, які адказвае за гуманітарныя, сацыяльныя і культурныя пытанні, прыняў абноўлены праект рэзалюцыі па парушэнні правоў чалавека ў Крыме.

Як адзначае «РІА Навіны», камітэт ухваліў дакумент, які прапанавала Украіна. Супраць прагаласавала 26 дзяржаў, яшчэ 82 краін устрымаліся. У паведамленні прадстаўніцтва Украіны пры ААН удакладняецца, што супраць рэзалюцыі выступілі Расея, Арменія, Беларусь, Балівія, Бурундзі, Камбоджа, Кітай, Куба, КНДР, Эрытрэя, Індыя, Іран, Казахстан, Кыргызстан, М’янма, Нікарагуа, Сербія, ПАР, Паўднёвы Судан, Судан, Сырыя, Таджыкістан, Уганда, Узбекістан, Венесуэла і Зімбабвэ.

Сярод тых, хто падтрымаў рэзалюцыю па парушэнні правоў чалавека ў Крыме апынуліся большасць Краін Еўропы, а таксама Злучаныя Штаты.

Праект будзе накіраваны на разгляд Генасамблеі ААН, галасаванне чакаецца ў снежні сёлета.

Міжнародныя арганізацыі прызналі акупацыю і анексію Крыму незаконнымі і асудзілі дзеянні Расеі. Краіны Захаду ўвялі супраць яе шэраг эканамічных санкцыяў. Расея адмаўляе акупацыю паўвострава і называе гэта «аднаўленнем гістарычнай справядлівасці». Вярхоўная Рада Украіны афіцыйна абвясціла датай пачатку часовай акупацыі Крыму і Севастопаля Расеяй 20 лютага 2014 году.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў