Генадзя Шутава застрэлілі, але за гэта пакуль ніхто не адкажа

Сёння, 11 лістапада, мінула тры месяцы як у Берасці стралялі ў Генадзя Шутава. Мужчына, бацька пяцёх дзяцей, стаў другім забітым пад час жнівеньскіх пратэстаў у Беларусі.

Людзі нясуць кветкі на месца, дзе тры месяцы таму стралялі ў Генадзя Шутава

На месца, дзе Шутаў быў смяротна паранены, людзі нясуць кветкі і свечкі, якія пазней знікаюць. Мясцовыя жыхары супраць мемарыялу ў гэтым месцы, у размове з журналістам «Белсату» яны просяць людзей не несці кветкі ў іх двор, бо ім цяжка ўзгадваць падзеі тых трагічных дзён. Тым не менш, 11 лістапада на месцы забойства зноў з’явіліся кветкі, знічы і партрэт Генадзя Шутава.

Як раней распавялі «Белсату» сваякі Генадзя, на месцы свайго смяротнага ранення Шутаў аказаўся выпадкова, мужчына быў апалітычным чалавекам і не браў удзелу ў розных акцыях. Але вечарам 11 жніўня апынуўся на месцы разгону пратэсту, там невядомы стрэліў Шутаву ў патыліцу. Гэта адбылося ў берасцейскім раёне Усход, побач з домам 334 па вуліцы Маскоўскай. Спачатку ўлады спрабавалі абвінаваціць Генадзя і яго сябра Аляксандра ў нападзе на сілавікоў, але даказаць гэтага дагэтуль не ўдалося. Тым не менш заведзеная крымінальная справа па арт 363 КК РБ за нападзенне і Аляксандр, які мог бы сведчыць па справе забойства Генадзя, знаходзіцца ў СІЗА №7 Берасця.

Генадзь Шутаў памёр 19 жніўня ў вайсковым шпіталі ў Менску, ён пахаваны на могілках недалёка ад роднай Жабінкі. Цэнтральны апарат Следчага Камітэту адмовіўся ўзбуджаць крымінальную справу па факце забойства. Дастатковых падстаў для ўзбуджэння крымінальнай справы па артыкуле 139 УК РБ (забойства) на дадзены момант няма, – такі адказ атрымала сем’я Генадзя Шутава, напярэдадні. З Анастасіі дачкі забітага ўзялі падпіску аб неразгалошванні і цяпер яна не размаўляе са СМІ.

Фота МХ, тэкст АС, belsat.eu

Hавiны