Генадзь Сагановіч: «Гуманітарыі, звязаныя з сучаснымі тэарэтычнымі падыходамі, апынуліся па-за афіцыйнымі ўстановамі»


Айчынныя гісторыкі пачнуць выкладаць студэнтам Варшаўскага ўніверсітэту ўжо ў новым семестры. У найбуйнейшай польскай вучэльні створаны Цэнтр беларускіх даследаванняў. Ягоныя супрацоўнікі распавядаюць «Белсату» пра механізм дзеяння Цэнтру.

Цэнтр беларускіх даследаванняў адкрыўся ў Варшаўскім універсітэце ў сярэдзіне лістападу, а першыя заняткі са студэнтам адбудуцца ўжо ў лютым, на пачатку летняга семестру. Кіраваць структурнай адзінкай універсітэту будзе прафесар Алесь Краўцэвіч.[/vc_column_text][vc_single_image image=”44772″ img_size=”large”][vc_column_text]Айчынныя гісторыкі, звольненыя праз палітычныя матывы з вучэльняў у Беларусі, цяпер будуць прыязджаць сюды на працу прыкладна так, як прыязджаюць на вучобу паводле праграмы Кастуся Каліноўскага выгнаныя з ВНУ студэнты. Сёлета колькасць месцаў на «Каліне» абрэзалі з 40 да 25-ці. Магчыма, праз тое, што нікога ўжо не адлічаюць, а магчыма – для пераразмеркавання сродкаў на патрэбы гісторыкаў.

«Ініцыятыва падтрымліваецца польскім Міністэрствам замежных справаў. Мэта – чыста навуковая», – кажа ў інтэрв’ю «Белсату» арганізатар праекту Мацей Вільчыньскі, рэферэнт Асяродку вывучэння Ўсходняй Еўропы. Наагул, польскае МЗС выдаткоўвае штогод на беларускую навуку і культуру каля 15 млн долараў.

«У пачатку 90-х гадоў мы адставалі ад еўрапейскай гуманітарнай навукі, але здавалася, што дзякуючы кантактам з замежжам мы зможам падцягнуцца. Цяпер усе, хто звязаны з сучаснымі тэарэтычнымі падыходамі і даследаваннямі, апынуліся па-за беларускімі афіцыйнымі даследчыцкімі і навучальнымі ўстановамі», – кажа «Белсату» Генадзь Сагановіч.

Усе сябры Цэнтру будуць прынятыя на працу на пасады, што адпавядаюць іхным навуковым званням і акадэмічным ступеням – на чвэрць, або палову стаўкі. Праца кожнага будзе складацца з навучальнай і навуковай работы.

«Мы будзем імкнуцца, каб нашая дзейнасць была гучнай і плённай, і не толькі прынясе задавальненне нам як навукоўцам, але спрычыніцца для развіцця беларускай даследчыцкай думкі», – заяўляе Таццяна Касатая.

«Навучальная работа будзе адбывацца ў двух агульных праектах, прадстаўленых мной і прафесарам і доктарам гістарычных навук Алесем Краўцэвічам. Адпаведна першаму праекту будзе напісана «Гістарычная энцыклапедыя Горадні», а другому – серыя падручнікаў па гісторыі Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны і Расеі», – кажа доктар гістарычных навук Вячаслаў Швед, звольнены з Гарадзенскага ўнівэрсітэта ў 2013 годзе разам з Андрэям Чарнякевічам праз працу над кнігай «Гродназнаўства», якую ўлады гораду палічылі крамольнай. Пазней старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Сямён Шапіра публічна прызнаўся, што асабіста аддаў загад звольніць дацэнта Чарнякевіча.

Індывідуальнымі праектамі ў межах Цэнтру будуць займацца прафесар Святлана Куль-Сяльверстава («Гісторыя мяжы Беларусі-Польшчы») і дацэнт Генадзь Семянчук («Практычна-палявыя працы па гістарычнаму даследаванню памежжа»).

Дыдактычная частка працы сяброў Цэнтра будзе складацца з выкладання кожным прапанаваных курсаў па беларускай гісторыі, праву і сацыялогіі. Да гісторыкаў ужо далучыліся юрыст Ігар Кузьмініч і сацыёлаг Андрэй Вардамацкі.

Сябры Цэнтру будуць выкладаць у Асяродку вывучэння Ўсходняй Еўропы і на агульных лекцыях Варшаўскага універсітэту.

Цэнтр плануе выдаваць бюлетэнь, рэдактарам якога стане Генадзь Семянчук. Публікавацца ў выданні будуць даследчыкі з усёй Беларусі. На пачатку 2016 года выйдзе сігнальны нумар з рэфератамі, якія былі агучаныя 14 лістапада на ўрачыстым адкрыцці ўстановы.

«Вырашана, што сустрэчы супрацоўнікаў Цэнтру будуць адбывацца ў Варшаве не меней аднаго раза ў месяц. Астатні час яны будуць жыць у Беларусі. Гарадзенскія гісторыкі змогуць сустракацца ў сваім горадзе і абмяркоўваць справы на месцы, кантакты з даследчыкамі з іншых гарадоў Беларусі будуць падтрымоўвацца праз скайп і электрапошту», – кажа прафесар Швед.

У рэйтынгу польскіх вучэльняў Варшаўскі ўніверсітэт займае першае месца.

ДД, «Белсат»

Стужка навінаў