Генадзь Давыдзька лічыць, што вайны з Расеяй «ніколі не можа быць»

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, кіраўнік грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Генадзь Давыдзька пракаментаваў выказванні міністра замежных справаў Украіны Вадзіма Прыстайка наконт магчымасці ўзброенага канфлікту паміж Беларуссю і Расеяй.

«Я думаю, што гэта не вельмі абдуманая заява афіцыйнай асобы. Ім заявы такія рабіць лёгка, таму што ім ужо губляць няма чаго ва ўзаемаадносінах з Расейскай Федэрацыяй. У нас адносіны – яны, натуральна, няпростыя, як у любых дзяржаваў, але да вайны не тое, што далёка, гэта проста неймаверна, гэта неверагодна, гэтага ніколі не можа быць », – сказаў у інтэрв’ю «РИА Новости» Давыдзька.

Дэпутат адзначыў, што Беларусь і РФ – брацкія народы і «за гэта трэба трымацца». «Тым больш у нас ёсць прыклад Украіны. Вось менавіта таму, што ў нас ёсць прыклад Украіны і ў нас трошкі іншы характар, наагул ментальнасць іншая беларусаў, і стасункі з РФ абсалютна іншыя, на значна больш высокім узроўні», – лічыць суразмоўца агенцтва.

https://belsat.eu/news/lukashenka-lichyts-shto-nato-i-zahad-abaronyats-belarus-u-vypadku-kali-raseya-parushyts-suverenitet/

Па словах Давыдзька, дробныя канфлікты Масквы і Менска эканамічнага характару «не павінны перарасці ў палітычныя канфлікты, тым больш – у нейкі вайсковы».

«Таму я бы на яго месцы ўстрымаўся ад такіх заяваў, але, мабыць, яму патрэбны нейкі пэўны піяр. І, вядома, ёсць шмат сілаў, якія жадаюць непрыемнасцяў і Расеі, і Беларусі ў тым ліку», – сказаў дэпутат.

Выказванні кіраўніка МЗС Украіны пракаментавалі і расейскія парламентарыі. Старшыня Часовай камісіі Савета Федэрацыі па інфармацыйнай палітыцы і ўзаемадзеянню са СМІ Аляксей Пушкоў у «Twitter» назваў словы Прыстайкі лухтой.

Нагадаем, учора міністр замежных справаў Украіны Вадзім Прыстайка распавёў, што не выключае магчымасці ваеннага канфлікту паміж Беларуссю і Расеяй.

«Беларусь сутыкаецца са складаным часам, – адзначыў міністр, – Некалькі гадоў таму я размаўляў з некалькімі беларускімі журналістамі, і калі я сказаў, што калі яны захочуць застацца незалежнымі, яны сутыкнуцца з той самай вайной, тымі цяжкасцямі і тымі ж пакутамі, што і мы перажываем, яны мне не паверылі. Магчыма, цяпер яны менш сумняюцца», – заявіў ён у інтэрвю чэшскаму выданню Respekt

Кіраўнік МЗС Украіны не выключае магчымасці ваеннага канфлікту паміж Беларуссю і Расеяй

ІІ belsat.eu

Hавiны