«Гавары праўду» робіць чацвёртую спробу афіцыйнай рэгістрацыі


У Менску 7-га лістапада праходзіць чарговы ўстаноўчы сход грамадскага аб’яднання «Гавары праўду».

Гэта ўжо чацвёртая спроба грамадзянскай кампаніі атрымаць афіцыйную рэгістрацыю ў Міністэрстве юстыцыі. Падчас сходу плануецца прыняць статут аб’яднання, вызначыць яго арганізацыйную структуру, выбраць кіраўніцтва, падае БелаПАН.

Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» была створаная ў пачатку 2010 года з мэтай спрыяць «разуменню беларускім грамадствам рэальнага становішча ў краіне, дзе мала праўды і шмат хлусні». У тым жа годзе кіраўнік кампаніі Уладзімір Някляеў быў вылучаны кандыдатам у прэзідэнты Беларусі.

Глядзіце таксама >>> Таццяну Караткевіч не запрасілі на інаўгурацыю Лукашэнкі

Някляеў кіраваў кампаніяй «Гавары праўду» да пачатку красавіка 2015 года, калі абвясціў пра выхад з апазіцыйных структур у сувязі з безвыніковасцю двухгадовых перамоў па вылучэнні адзінага дэмакратычнага кандыдата ў прэзідэнты і вызначэнні сумеснай праграмы на прэзідэнцкія выбары 2015 года.

28 траўня на рэспубліканскім сходзе актыву «Гавары праўду» старшынёй кампаніі быў абраны Андрэй Дзмітрыеў, а кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2015 года ад кампаніі вылучылі Таццяну Караткевіч.

Першы ўстаноўчы сход рэспубліканскай даследча-асветніцкай установы «Гавары праўду» адбыўся 23 лістапада 2010 года. Тады Мінюст адмовіў ёй у рэгістрацыі на падставе таго, што заснавальнікі не падалі дадаткова запытаныя матэрыялы.

Другі ўстаноўчы сход «Гавары праўду» прайшоў у чэрвені 2011 года, але Мінюст ізноў адмовіў у рэгістрацыі, заявіўшы, што заснавальнікі не падалі дакументы, якія пацвярджаюць права ўласнасці на памяшканне, указанае ў якасці юрыдычнага адрасу.

Трэці ўстаноўчы сход прайшоў у красавіку 2013 года. І зноў была адмова, якую чыноўнікі аргументавалі двума парушэннямі – заканчэннем тэрміну дзеяння гарантыйнага ліста на даванне юрыдычнага адраса і тым, што ў арганізацыі не быў вызначаны колькасны склад праўлення.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў