Як сустрэлі «Начных ваўкоў» у Берасці


Хірург на чале калоны «Начных ваўкоў» пад’язджае да кансулату Расеі ў Берасці. Ужо традыцыйна Аляксандр Залдастанаў з’яўляецца на дарозе без шлема, але ДАІ на такое парушэнне не рэагуе

Беларускія чыноўнікі і беларусы абыякава сустрэлі байкераў Пуціна.

Яшчэ тры гады таму Хірурга сустракаў Віктар Лукашэнка і чыноўнікі, сёлета яны імкнуцца гэтага пазбягаць: на Лініі Сталіна, у Пінску і Берасці ніхто з вертыкалі ўлады не захацеў мець з адыёзнымі матацыклістамі нічога агульнага. Здаецца, у Беларусі пачынаюць разумець, якую пагрозу нясуць такія госці.

Дырэктар Расейскага цэнтру навукі і культуры ў Берасці Алена Маслава ўручыла Хірургу ў Берасцейскай крэпасці медаль за актыўную грамадзянскую пазіцыю, ідэі гуманізму і патрыятызму, умацаванне маральных і грамадзянскіх каштоўнасцяў, развіццё міжнацыянальных і міжнародных сувязяў

Пакуль падобныя акцыі не забараняюць, але ўжо ім не спрыяюць. Два гады таму Хірурга ў Берасцейскай крэпасці сустракаў дырэктар мемарыялу і намеснік старшыні пастаяннай камісіі Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Рыгор Бысюк – з велізарнай георгіеўскай стужкай на грудзях. Гэтым разам чыноўнік быў без стужкі, а ўбачыўшы камеру «Белсату», нават не стаў падыходзіць да «Начных ваўкоў».

Удзельніцы міжнароднага праекту творчага і асабістага развіцця дзяцей і моладзі «Дзеці 21 стагоддзя» у крэпасці сустракаюць «Начных ваўкоў»

Без дапамогі па беларускай лініі, расейцам давялося падключыць сваіх дыпламатаў – Расейскі цэнтр навукі і культуры ў Берасці і расейскі кансулат, якія арганізавалі ў Берасцейскай крэпасці фестываль творчага і асобаснага развіцця дзяцей і моладзі «Дзеці 21 стагоддзя», прывезлі на яго сваіх дзяцей і музыкаў, а апафеозам усяго гэтага стаў з’яўленне ля вечнага агню Берасцейскай крэпасці Хірурга і консула Расеі ў Берасці Ігара Канякіна.

«Начныя ваўкі» ускладаюць кветкі да вечнага агню ў Берасцейскай крэпасці

Не суправаджае Хірурга больш і расейскія каналы, як і дзяржаўныя беларускія СМІ, таму ўсё даводзіцца рабіць самім. А прадстаўнік прэсавае службы «Начных ваўкоў» пасля таго як журналістаў «Белсату» не пусцілі на прэс-канферэнцыю, прапаноўваў ім пазнаёміцца «по хорошему» і патрабаваў назваць асабістыя нумары тэлефонаў.

Кожная дзея старанна фіксуецца на камеру самімі ўдзельнікамі прабегу. Цяпер «Начныя ваўкі» падарожнічаюць без каманды расейскіх прапагандыстаў, таму і фотаздымкі даводзіцца рабіць самім

Не адважыліся «ваўкі» прывезці ў Беларусь і сімволіку ДНР і ЛНР, як абяцалі раней.

Калі раней байкеры адчувалі ў Беларусі сябе поўнымі гаспадарамі і маглі кінуць свае байкі і пайсці ў поўным складзе ў Берасцейскую крэпасць, то цяпер вымушаныя пакідаць каля матацыклаў сур’ёзную ахову, разумеючы, што ў Беларусі яны – непажаданы госць. У Берасці пуцінскім байкерам адмовілі ў засяленні ў гатэль, у якім яны планавалі жыць.

У калоне «Начных ваўкоў» ёсць матацыклы на польскіх і славацкіх нумарах. Менавіта яны і перасякаюць беларуска-польскую мяжу

У выніку байкеры нават не паспрабавалі прарвацца праз польскую мяжу. З двух дзясяткаў матацыклаў у Польшчу адправіліся толькі чатыры – з польскай і славацкай рэгістрацыяй. Іншыя пакінулі горад – імаверна, вярнуўшыся ў Расею.

Алесь Ляўчук, фота – Мілана Харытонава

Стужка навінаў