Гаспадара тыгравага пітона хочуць прыцягнуць да адказнасці


Збеглы пітон. Фота - @112MINSK

У Менску на тэрыторыі дзіцячага садка №292 на вуліцы Убарэвіча 15 жніўня поўзаў 4-метровы тыгравы пітон. Яго злавілі працаўнікі МНС і потым перадалі гаспадару. Мінпрыроды тым часам хоча прыцягнуць гаспадара пітона да адказнасці.

«У выпадку пацверджання законнасці валодання грамадзянінам названай дзікай жывёліны, у дачыненні да яго будзе распачаты адміністратыўны працэс па артыкуле 15.32 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных правапарушэннях, за нясвоечасовую рэгістрацыю дзікай жывёліны і за парушэнні ўмоў утрымання», – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Артыкул 15.32 КаАП прадугледжвае адказнасць за «парушэнне патрабаванняў заканадаўства аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету». Максімальнае пакаранне для фізічнай асобы – штраф у 30 базавых велічыняў (735 руб.). Для юрыдычнай асобы – 500 базавых велічыняў (12 250 рублёў).

Як высветліў раней belsat.eu, тыгравы пітон належыць жыхару Менску. Ён набыў пітона ў заалагічнай краме сталіцы і трымаў дома ў якасці хатняй жывёлы. Пасля інцыдэнту мянчук забраў пітона да сябе.

Прадстаўніца заапарка, куды адвезлі пітона працаўнікі МНС, сказала belsat.eu, што нічога страшнага ў тым, што адбылося не было.

«Уцячы можа любая жывёла. І сабакі ўцякаюць, і каты, і папугаі ляцяць. Гэта так пішуць у інтэрнэце, што 4-метровы пітон і таму страшна. На самай справе, гэта не вялікая даўжыня для тыгравага пітона. На людзей ён не кідаецца, з такімі пітонамі людзі ў парках фатаграфуюцца. Пагрозы для чалавечага жыцця не было. Вялікі сабака больш небяспечны для людзей, чым такі пітон», – распавяла спадарыня Аляўціна.

Па словах прадстаўніцы заапарка, ніякіх непрыемных інцыдэнтаў з удзелам пітона не адбылося і адлавілі яго вельмі хутка.

У дзіцячым садку паведамілі belsat.eu, што пітон запоўз да іх на тэрыторыю каля 19.30. У гэты час дзяцей у садку ўжо не было, заставалася толькі кіраўніца ўстановы і стораж. Яны і выклікалі МНС.

«Пітон відавочна хатні, таму што поўз на голас, – распавялі belsat.eu у дзіцячым садку, – Ніякіх праблем з ім не было, усе рэагавалі спакойна. Яго забралі, зрабілі аналізы, высветлілі, што здаровы – і аддалі гаспадару».

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары