Гарадзенцы заклікаюць беларусаў паехаць на перапахаванне Кастуся Каліноўскага


Гарадзенцы распачалі кампанію папулярызацыі асобы Кастуся Каліноўскага і гісторыі паўстання 1863–1864 гадоў. Што гэта за кампанія? Якія яе галоўныя мэты? Чаго ўрэшце хочуць дасягнуць арганізатары? І якія цікавінкі чакаюць беларусаў у межах гэтай кампаніі, высвятляў карэспандэнт Belsat.eu.

Нацыянальныя героі патрэбныя не дзяржаве, а грамадству!

«Гэй, Дзецюкі! Настаў такі час, калі мы мусім чарговы раз аб’яднацца ды ўшанаваць памяць нашых нацыянальных герояў», – кажуць стваральнікі кампаніі. Праект стартаваў у Горадні, а пачатак яму далі гарадзенскія аматары гісторыі ды грамадскія актывісты.

Ці вернецца Кастусь Каліноўскі ў Беларусь?

«Ідэя кампаніі нарадзілася пасля наведвання Дня памяці Кастуся Каліноўскага ў Вільні 23 сакавіка, калі сотні беларусаў прыехалі «спамянуць Яську свайго». Справа ў тым, што наша дзяржава так і не праявіла зацікаўленасці да ўрачыстасцяў, прымеркаваных на 2 лістапада, калі будуць перапахаваныя парэшткі аднаго з галоўных беларускіх герояў, які ахвяраваў сабою ў імя будучыні ўласнага народа. Пазіцыя сённяшніх беларускіх уладаў – не падстава апускаць рукі грамадзянам, для якіх Беларусь і імя Каліноўскага не пустыя словы, якім баліць сэрца за тое, як намагаюцца не толькі праігнараваць гэтую падзею, але і ўвогуле выкрасліць імя Вялікага сына беларускай зямлі з нашай гісторыі», – робіць высновы адзін з арганізатараў кампаніі, гісторык Васіль Герасімчык.

Кампанія папулярызацыі асобы Кастуся Каліноўскага

«Таму мы вырашылі, што наша задача на бліжэйшы час – каб як мага больш беларусаў даведаліся пра падзеі, прымеркаваныя на 2 лістапада ў Вільні на могілках Росы, таму што сведкам гэтага павінны стаць як мага больш беларусаў, за лепшы лес якіх Каліноўскі і ўзышоў на царскую шыбеніцу».

Чаму Кастусь Каліноўскі ахвяраваў сабою?

Далучыцца можа кожны

Грамадская кампанія толькі пачынае развівацца, але да яе ўжо пачалі далучацца вядомыя беларускія культурніцкія дзеячы. У першы ж дзень гарадзенскія панкі «Dzieciuki» у межах кампаніі прэзентавалі сваю новую песню пад назвай «Час касінераў», якая праводзіць паралелі паміж сучаснасцю ды падзеямі часоў паўстання Каліноўскага, верш жа належыць беларускаму паэту Алесю Чобату.

 

«Гэта мы напісалі песню »Мужыцкая праўда«, гэта мы назвалі гурт у гонар Каліноўскага і паўстання 1863-64 гадоў. Усім гуртом паедзем у Вільню на перапахаванне паўстанцаў. Мы там будзем абавязкова. Заклікаем усіх жыхароў Беларусі, якія будуць мець на той момант візы, прыехаць у Вільню 2 лістапада!» – распавядае пра зацікаўленасць удзелу ў кампаніі вакаліст гурта Алесь Дзянісаў.

Дарэчы, песня «Час касінераў» будзе ў новым альбоме гурта, які выйдзе неўзабаве.

Кастусь Каліноўскі. Апошнія дні. Прэм’ера стужкі

А яшчэ да кампаніі далучылася Беларуская Музычная Альтэрнатыва («БМА group»), якая ладзіць музычную кампанію «UZAJEMNA!/УЗАЕМНА!». Яны рыхтуюць зборнік беларускіх песень, прысвечаных паўстанню 1863 – 1864 гадоў. Арганізатары кампаніі абяцаюць, што найлепшыя творы ўвойдуць у музычную складанку, а выканаўцам будзе прапанаваны выступ на тэматычным фэсце. Дасылаць музычныя творы можна па адрасы uzajemna2019@gmail.com. Дэдлайн – 1 жніўня.

Лагатып кампаніі распрацаваў гарадзенскі мастак ды дызайнер Алесь Сураў, а куцюрʼе нацыянальнай вопраткі «LSTR Adzieńnie» падрыхтавалі чарговую патрыятычную цішотку на паўстанцкую тэматыку «Gloria Victis», што азначае «Слава пераможаным». Але гэта яшчэ не ўсё! Ініцыятары кампаніі абяцаюць штотыдня радаваць беларусаў рознага кшталту цікавінкамі ды адначасова заклікаюць усіх, каму гэтая кампанія цікавая, далучацца да справы і разам папулярызаваць памяць пра падзеі паўстання 1863-1864 гадоў.

Літва прыняла афіцыйнае рашэнне па надпісах на помніку паўстанцаў Каліноўскага

2 лістапада – усе ў Вільню!

Канчатковая мэта кампаніі «Каліноўскі 2019» – заахвоціць як мага больш беларусаў паехаць 2 лістапада ў Вільню на ўрачыстае перапахаванне парэшткаў Кастуся Каліноўскага ды іншых паўстанцаў, пакараных смерцю ў 1863 – 1864 гадах ды пахаваных на віленскай Гары Гедыміна. Перапахаванне адбудзецца на старых віленскіх могілках «Росы». Подпісы на надмагіллях будуць на трох мовах: літоўскай, польскай ды беларускай, дзякуючы плённай працы неабыякавых беларусаў.

Літва хоча запрасіць Лукашэнку на пахаванне Каліноўскага

Як і дзе знайшлі парэшткі Каліноўскага і яго паплечнікаў?

Кастусь Каліноўскі быў адным з кіраўніком паўстання 1863 – 1864 гадоў на Беларусі ды Літве. Выдаваў з паплечнікамі першую беларускамоўную газету – «Мужыцкая праўда». Быў схоплены царскімі жандарамі ды пакараны смерцю праз павешанне за арганізацыю паўстання супраць расейскага царскага рэжыму. Расправа адбылася 22 сакавіка 1864 года на Лукішскім пляцы ў Вільні. Цела кіраўніка паўстання пахавалі на Гары Гедыміна, дзе ў тыя часы месціўся расейскі вайсковы гарнізон. Акрамя Каліноўскага ў Вільні было пакарана смерцю каля 20 паўстанцаў, а пасля іх целы пахавалі на гедымінаўскай гары. Парэшткі выявілі літоўскія археолагі, пачаўшы праводзіць раскопкі ў 2018 годзе.

Сачыць за кампаніяй «Каліноўскі 2019» можна па наступных спасылках:

https://www.facebook.com/Kalinouskimojheroj/

https://www.instagram.com/kalinouski2019/

https://vk.com/kalinouski_2019

https://vk.com/kalinouski1863

https://t.me/Kalinouski2019

Мікола Дзямідаў / belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары