Гарадзенцу прысудзілі тры гады «хіміі» за SMS міліцыянту з Акрэсціна


Гарадзенец Аляксандр Сячко прызнаны вінаватым паводле артыкулу 364 Крымінальнага кодэксу («Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў»), яго пакаралі абмежаваннем волі на тры гады ў папраўчай установе адкрытага тыпу («хімія»). Пра гэта паведамляе spring96.org.

Адпаведнае рашэнне вынесла 22 студзеня суддзя суда Маскоўскага раёну сталіцы Лідзія Целіца.

У гэты тэрмін пакарання залічылі перабыванне Аляксандра пад вартаю падчас следства з 23 кастрычніка 2020 года да 22 студзеня 2021 года. Пасля абвяшчэння прысуду Аляксандра выпусцілі з-пад варты.

Аляксандр Сячко.
Фота: spring96.org

Сячко прызнаў, што напісаў SMS-паведамленне «Маліся, вырадак, ты хутка здохнеш» камандзіру аддзялення менскага Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна Яўгену Урублеўскаму:

«Пасля прагляду відэа масавых збіванняў і ўсіх гэтых бясчынстваў падчас жнівеньскіх падзеяў я быў абураны ды шакаваны – і на эмоцыях напісаў паведамленне», – распавёў «Вясне» Аляксандр Сячко.

Яўген Урублеўскі. Паводле Вольгі Паўлавай, ён катаваў людзей на Акрэсціна.
Фота: narushitel.org

Трэба адзначыць, што Яўген Урублеўскі не выпадковы міліцыянт. Пра ягоны асабісты ўдзел у катаваннях (у тым ліку ў дачыненні жанчын) паведамлялі тыя, хто трапіў на Акрэсціна ў першыя паслявыбарчыя дні. У прыватнасці пра гэта ў інтэрвʼю «Белсату» падрабязна казала палітычная зняволеная Вольга Паўлава.

«Я спрабавала сказаць, што яны парушаюць мае канстытуцыйныя правы. У адказ Урублеўскі падышоў і некалькі разоў ударыў мяне галавой аб сцяну. «Што ты, бл…, самая разумная, выдатніца?! Няма ў цябе ніякіх канстытуцыйных правоў, сука!» – закрычаў ён. І яшчэ раз ударыў мяне галавой аб сцяну», – згадвала яна.

22 кастрычніка, як сцвярджае Аляксандр Сячко, да яго прыехалі аператыўнікі з Менску (мужчына жыве ў Горадні) і затрымалі.

Аляксандр Сячко адзначыў, што Урублеўскі атрымаў каля 1300 паведамленняў – рэакцыяў людзей на катаванні на Акрэсціна 9–12 жніўня 2020 года.

Суд забавязаў гарадзенца выплаціць Урублеўскаму кампенсацыю маральнай шкоды памерам 1000 беларускіх рублёў. Мабільны тэлефон, з якога Сячко адправіў SMS, сканфіскавалі.

ІІ, belsat.eu

 

Стужка навінаў