Гарадзенскія журналісты падпісалі зварот у абарону Дзянісава і Кайрыса

ВІДЭА

30 гарадзенскіх журналістаў выказалі пратэст супраць пераследу Алеся Дзянісава і Аляксея Кайрыса.

Апошнім пагражае крымінальны пераслед за сюжэт на нашым канале. 23 ліпеня ў кватэрах журналістаў адбыліся ператрусы, міліцыя забрала камп’ютары, мабільныя тэлефоны, відэакамеру і электронныя носьбіты інфармацыі.

У звароце да ўладаў гаворыцца:

«23 ліпеня ў Горадні міліцыя правяла вобшукі ў мясцовых журналістаў-фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам «Белсат» – Алеся Дзянісава і Аляксея Кайрыса. Нагодай стаў сюжэт на тэлеканале «Белсат» пра стан аднаго з мясцовых інтэрнатаў. У выніку ў журналістаў забралі камп’ютары, тэлефоны і іншую тэхніку. У маці Алеся Дзянісава пасля вобшукаў здарыўся сардэчны прыступ.

Мы, гарадзенскія журналісты, выказваем рашучы пратэст супраць пераследу нашых калег Алеся Дзянісава і Аляксея Кайрыса, заклікаем спыніць ціск на журналістаў-фрылансераў і патрабуем вярнуць усю забраную тэхніку. Мы лічым абуральнымі ператрусы ў бацькоў журналістаў і разглядаем гэта як ціск праз сямʼю.

Ціск на журналістаў мае адкрыты характар запалохвання і шантажу і супярэчыць нормам Канстытуцыі, нацыянальнага заканадаўства і міжнародным абавязкам Беларусі ў галіне забеспячэння свабоды распаўсюду інфармацыі».

Зварот накіруюць у сілавыя органы. Пад ім падпісаліся: Сяргей Астраўцоў, Аляксей Радс, Ірына Новік, Сяргей Чабоцька, Аляксандр Саенка, Павал Мажэйка, Віктар Парфёненка, Андрэй Мялешка, Анджэй Пісальнік, Наталля Макушына, Уладзімір Хільмановіч, Юлія Катаржынская, Інэса Тодрык-Пісальнік, Хрысціна Марчук, Аляксандр Кіркевіч, Віктар Сазонаў, Марына Харэвіч, Анатоль Макушын, Ірына Чарняўка, Алена Раўбецкая, Вітаўт Руднік, Дзяніс Івашын, Руслан Кулевіч, Іван Роман, Андрэй Фралоў, Ірэна Валюсь, Катажына Ляўдацкая, Гражына Шалкевіч, Анджэй Пачобут і Вольга Корсун.

НМ, belsat.eu, паводле Baj.by

Глядзі таксама
Каментары