Гарадзенскі партал пажартаваў у Дзень смеху – цяпер у іх праблемы


«Байтарэк» – самы вядомы помнік у сталіцы Казахстану, сімвал пераносу сталіцы з Алма-Аты ў цяперашні Нур-Султан. Фота – Sergei Fadeichev/TASS/Forum

Гарадзенскім ідэолагам не спадабаўся жарт Hrodna.life, надрукаваны 1 красавіка. Цяпер рэдакцыі пагражаюць судом.

У панядзелак інтэрнэт-выданне пра жыццё Горадні апублікавала жартаўлівую нататку пра тое, што горад стане пабрацімам казахстанскага Нур-Султану, а замест бюсту Чапаева тут паставяць Назарбаева.

«У гарвыканкаме актыўна абмяркоўваюцца варыянты помніка, які можна падарыць у адказ жыхарам Нур-Султану. Паколькі тыя дораць помнік яшчэ жывога чалавека, лагічна адказаць тым жа. А паколькі былых прэзідэнтаў у Беларусі яшчэ няма, ідэолагі прапануюць падарыць сціплы помнік Віктара Лісковіча – намесніка старшыні аблвыканкаму Горадні», – гаворыцца ў артыкуле.

Рэакцыя мясцовых ідэолагаў здзівіла рэдактара сайту Аляксея Шоту, прызнаўся ён службе маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў.

«Мы пажартавалі пра тое, што гарадзенцы падараць Казахстану помнік Віктара Лясковіча, дастаткова важнай у горадзе асобы. І я думаў, што гэты чалавек з даволі добрым пачуццём гумару. Аднак ужо праз гадзіну пасля публікацыі жартаўлівай навіны на сайце пазванілі з аддзелу ідэалогіі аблвыканкаму і папрасілі прыбраць гэту інфармацыю. Бо, маўляў, будуць нейкія наступствы ў выглядзе суду», – распавёў Аляксей Шота.

Паводле Шоты, публікацыя была бяскрыўдным жартам, а калі справа дойдзе да суда – гэта будзе адзін з самых абсурдных судовых працэсаў.

Рэдакцыя Hrodna.life ужо судзілася з-за сваіх артыкулаў у 2017 годзе з камунальным унітарным прадпрыемствам «Гроднааблвідэапракат» – і выйграла суд.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў